Аб’яўлены конкурс на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў



Зацверджаны склад аргкамітэту і журы адкрытага грамадскага конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў, а такасама на найлепшы мастацкі твор па курапцкай тэматыцы. Як вядома, урочышча Курапаты пад Менскам з’яўляюцца месцам расстрэлаў і пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Журы ўзначаліў мастак Аляксей Марачкін. У журы і аргкамітэт увайшлі вядомыя прадстаўнікі беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі. Намеснікамі старшыні журы абраныя акадэмік Радзім Гарэцкі і паэт Анатоль Вярцінскі.    Старшынёй аргкамітэту абраны грамадскі дзеяч, журналіст Марат Гаравы.

– Зараз нашая задача распаўсюдзіць умовы конкурса сярод патэнцыйных удзельнікаў. Гэта значыць, сярод насельніцтва Беларусі, сярод грамадзянаў Беларусі. У першую чаргу, сярод навучэнцаў і студэнтаў мастацкіх школ, коледжаў і ВНУ. Вось гэта зараз самая галоўная задача – каб ідэя конкурса пайшла ў народ.

Kurapaty

Па словах Марата Гаравога, праца над праектамі мемарыялізацыі Курапатаў ужо ідзе. Хаця імёны творцаў, якія працуюць над праектамі, называць яшчэ рана. Вынікі конкурсу будуць падведзены ў лістападзе гэтага году на другой дакументальна-мастацкай выставе „Праўда пра Курапаты: Факты. Дакументы. Сведчанні”.

Беларускае Радыё Рацыя