У Берасці адкрылі помнік Алесю Чаркашыну (абноўлена)



Каля пяцідзесяці чалавек сабралася на ўрачыстым адкрыцці помніку Алесю Чаркашыну на могілках у Камяніцы-Жыравецкай пад Берасцем.

ecfd22480db555043c780ca303f13fb26d758374ec483e61ccpimgpsh_fullsize_distr

Сярод прысутных – сям’я, сябры і паплечнікі загінуўшага добраахвотніка з розных куткоў Беларусі і Украіны. Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец, які выступіў прамоўцам мерапрыемства, зазначыў, што дзякуючы салідарнасці многіх людзей удалося годна ўганараваць памяць Алеся:

– Гэта было нялёгка. Калі мы пачыналі збор сродкаў, мы бачылі, што людзі ахвяруюць на адной вечарыне 200-300 даляраў. Зараз на апошнім канцэрце, які мы рабілі, 100 чалавек ахвяравалі ўсяго 150 даляраў.  Людзі бяднеюць. Гэта было бачна нават за год збору сродкаў на помнік Алесю Чаркашыну. Тым не менш, асноўную частку сабралі. Дзякуй вялікі!

На мерапрыемстве апроч малітвы, прагучала і песня аўтарства Алеся Чаркашына “Не здавайся”. Запрошаныя госці, сярод якіх былі і бацькі Міхася Жызнеўскага, беларуса, які загінуў за Украіну яшчэ падчас падзеяў на Майдане, выказалі словы падтрымкі сваякам і сябрам добраахвотніка:

-“ Я – мужык, а гонар маю. Гнуся, але да пары. Я маўчу, маўчу, трываю, але скора загукаю:  “Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!”.  Даўно быў напісаны гэты верш, але ён актуальны і сёння. Алесь, як і Міхась, загінуў за свабоду Беларусі і Украіны. Ён быў вельмі добры хлопец, і мы не маглі не падтрымаць ягоных бацькоў і не прыехаць сюды.

Памятныя мерапрыемствы працягнуліся ў офісе незалежнай газеты “Берасцейскі кур’ер”, дзе быў прадстаўлены фільм пра Алеся Чаркашына, а ў нефармальнай абстаноўцы госці змаглі яшчэ раз узгадаць добраахвотніка. “Алесь ахвяраваў самае галоўнае – жыццё,  і мы маем надзею, што гэтая ахвяра была недарэмнай”, – зазначылі сябры Чаркашына.

42fc1ff08b209193142af8e92174ad31888d3ee777101077b8pimgpsh_fullsize_distr

Цалкам гук слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Максіма Хлябца