Адукацыйная сустрэча па правах чалавека ў Мікашэвічах



У Мікашэвічах грамадская ініцыятыва “Грамада Палесся” чарговы раз зладзіла адукацыйную сустрэчу па правах чалавека з мэтай аб’яднання сацыяльна неабароненых грамадзянаў.

Старшыня камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання Віктар Хоміч, праводзячы параўнанне Канстытуцяў РБ 1994 і 1996 гадоў паказаў, як адбіраліся правы і свабоды беларускіх грамадзянаў.

Кажа кіраўнік ініцыятывы Віталь Каліноўскі:

— Першая Канстытуцыя 1994 года абараняла правы і свабоды грамадзяніна і давала магчымасць сумленных і справядлівых выбараў прэзідэнта і дэпутатаў усіх узроўняў. І другая Канстытуцыя, якую прынялі ў 1996 годзе, перадала ўсю паўнату ўлады ў рукі аднаго чалавека: прэзідэнта краіны.

Паводле Віталя Каліноўскага, прысутным было цікава даведацца пра кансалідаваныя бюджэты Беларусі. Аказваецца, бюджэтная забяспечанасць па рэгіёнах на аднаго чалавека найвышэйшая ў роднай для Аляксандра Лукашэнка вобласці Магілёўскай – каля 7 тысяч рублёў. У той час, як у Берасцейскай — 6009 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя