Юрась Зянковіч патрабуе пакараць спецназаўца за наёмніцтва



Беларускія сацыяльныя сеткі літаральна выбухнулі пасля апублікавання на Youtube відэа, на якім зафіксаваны допыт украінскімі вайскоўцамі найміта з “ЛНР”, беларускага грамадзяніна Яўгена Вайцюка, ураджэнца Барысава. Відэа было знята яшчэ ў лютым, але выкладзена на Youtube толькі цяпер.

Асцярожна, у відэа ёсць ненарматыўная лексіка.

https://www.youtube.com/watch?v=SHEwV9Q22Iw

Яўген Вайцюк, былы спецназавец унутраных войскаў, распавядае, што завербаваўся ва ўзброеныя сілы ЛНР, каб, з ягоных словаў, “змагацца з фашыстамі”. Свае антыфашысцкія паслугі спецназавец з Барысава ацаніў у 350 даляраў штомесяц.

Беларускі юрыст Юрась Зянковіч, які жыве і працуе ў Злучаных Штатах Амерыкі, адправіў з гэтай нагоды афіцыйную заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі, а таксама ў беларускі Следчы камітэт, Міністэрства унутраных спраў і Камітэт Дзяржбяспекі.   Зянковіч патрабуе пакараць беларускага спецназаўца “ЛНР” за наёмніцтва, а таксама паводле іншых артыкулаў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Са спадаром Юрасём Зянковічам пагутарыў наш карэспандэнт Марцін Война.

РР: Вы – беларускі грамадзянін, жывяце і працуеце ў штаце Каларада. І вось вы вырашылі напісаць афіцыйную заяву ў многія інстанцыі, каб і Генпракуратура, і Следчы камітэт, і МУС, і КДБ прынялі прадугледжаныя законам меры. А нашто яно вам у ЗША трэба?

Юрась Зянковіч: Нягледзячы на тое, што я жыву ў Злучаных Штатах, я застаюся грамадзянінам Беларусі. І лёс Беларусі, яе дзяржаўнасці, мне неабыякавы. Я лічу, што мы, беларусы, у такой сітуацыі мы маем супольны інтарэс: спыніць уцягванне нашых грамадзянаў ва ўзброеныя канфлікты, да якіх нам няма ніякай справы. Менавіта таму я і звярнуўся ў адпаведныя органы Рэспублікі Беларусь з просьбай прыцягнуць нашага грамадзяніна, які пайшоў у найміты да тэрарыстаў, да крымінальнай адказнасці.

РР: Давайце паспрабуем ацаніць сітуацыю з пункту гледжання амерыканскага заканадаўства. Грамадзянін ЗША, які адслужыў у спецназе, едзе ў Расею, адтуль у Данецк ці ў Луганск, уступае ў шэрагі арганізацыі, якая шмат кім прызнаная, як тэрарыстычная, трапляе ў палон да ўкраінцаў, адбывае тэрмін пакарання, пасля чаго такога амерыканца эстрадуюць у ЗША. Якія ў яго там перспектывы?

Юрась Зянковіч: Па-першае, калі такі чалавек набыў грамадзянства Злучаных Штатаў Амерыкі праз натуралізацыю, то бок не быў народжаным у ЗША, найбольш верагодна, што Іміграцыйная служба ўзбудзіць справу пра пазбаўленне такога чалавека амерыканскага грамадзянства. Па-другое, падтрымка тэрарыстычнай дзейнасці ў якой заўгодна форме з’яўляецца федэральным злачынствам. І кожны, хто падтрымлівае тэрарыстаў, падлягае суворай крымінальнай адказнасці. Тут можна нават весці гаворку пра пажыццёвае зняволенне.

РР: А можа ўсе гэтыя былыя беларускія міліцыянты, КДБ-шнікі і спецназаўцы, якія служаць у ДНР-ЛНР – проста ахвяры крамлёўскай прапаганды, якая захлынула Беларусь? Можа, варта пакінуць іх у спакоі – хай украінцы самі разбіраюцца?

Юрась Зянковіч: Можа, яны і ахвяры крамлёўскай прапаганды, але дзеля таго, каб з той прапагандай змагацца, трэба сурова пакараць тых, хто ўзяў у рукі зброю, каб змагацца з законным урадам суседняй з намі краіны. Безумоўна, беларуская дзяржава не павінна абмяжоўвацца выключна крымінальным пакараннем, і я гэта таксама згадваў у сваёй заяве. У прыватнасці, я прашу таксама правесці патрыятычнае выхаванне ва Унутраных войсках Рэспублікі Беларусь і адказаць мне: як так сталася, што людзі, якія служаць, скажам шчыра, у элітным падраздзяленні унутраных войскаў, так лёгка паддаюцца на прапаганду суседняй нам дзяржавы?! І гэта толькі адзін з элементаў таго, што нашая дзяржава павінна рабіць дзеля забеспячэння бяспекі нашай дзяржавы.

РР: Вы юрыст, і выдатна разумееце, што амерыканская юрыдычная сістэма надта адрозніваецца ад прынятай у Рэспубліцы Беларусь… Ці верыце вы ў тое, што з вашай заявы нешта атрымаецца?

Юрась Зянковіч: На мой погляд, гэтая заява ідзе ў рэчышчы палітыкі Рэспублікі Беларусь, у рэчышчы палітыкі нашага ўрада і ў рэчышчы нацыянальных інтарэсаў нашай краіны. Я лічу, што беларускія ўлады хутчэй за ўсё прымуць меры па факце найміцтва грамадзяніна Рэспублікі Беларусь супраць законнага ўрада Украіны.

РР: Калі вашу заяву, што называецца, «пакладуць пад сукно», што вы будзеце рабіць?

Юрась Зянковіч: Не думаю, што такое станецца. Я наўмысна напісаў заяву адразу ў чатыры інстанцыі: Генпракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрства унутраных спраў і Камітэт Дзяржаўнай бяспекі. Усе гэтыя інстанцыі канкуруюць між сабой, і адносіны між імі далёка не сяброўскія. А таму пакласці маю заяву “пад сукно” будзе не надта проста.

Пакуль беларускія сілавікі заявілі толькі пра затрыманне загадкавага беларуса з добраахвотнага корпуса «Правы сектар» з пазыўным «Дук». Паводле КДБ, затрыманы правёз праз украінскую мяжу бронекамізэльку, цэлы арсенал зброі і набор дакументаў, якія сведчаць пра яго ўдзел а Антытэрарыстычнай аперацыі.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Копіі афіцыйнай заявы, прадстаўленыя “Радыё Рацыя” Юрасём Зянковічам

2015-12-11_achromienka_najmit_ziankovicz_1

2015-12-11_achromienka_najmit_ziankovicz_2

Фота: jurcatalog.by