Берасцейскі афганец: Я ў сваёй краіне, а не ў акупаванай Расеяй



Берасцейскі ветэран вайны ў Афганістане Аляксандр Сахарук узняў бел-чырвона-белы сцяг падчас штогадовай акцыі “Бессмяротны полк” якая ладзіцца кожнае 9 траўня ў горадзе.

Па інфармацыі мясцовых праваабаронцаў, Аляксандр адразу ж быў затрыманы. Падрабязней кажа ягоны сябра і сведка падзеяў які пажадаў застацца ананімным:

— Падышлі двое ў цывільным: давайце, прыбярыце сцяг. А ён адказвае: а чаму я павінен прыбраць, калі ён нацыянальны, гэта — мой гонар. Тады падышоў трэці і яны яго адразу пад рукі, сцяг забралі, і павялі. Там непадалёк стаяла хуткая, да яе яго і павялі, туды потым прыехала міліцэйская машына. Гляджу яны пачалі пра нешта шушукацца, а потым падышлі да мяне. Маўляў, што вы тут робіце, гуляеце, як ваша здароўе? Я ім кажу: хлопцы, чаго вы да мяне чапляецеся?

Праваабарончае выданне „Берасцейская вясна” апублікавала новыя падрабязнасці ўчорашняй акцыі Аляксандра Сахарука. 

„Я вырашыў прайсці ў святочнай калоне пад бел-чырвона-белым сцягам. Гэта для мяне сімвал Свабоды. Пад чырвоным сцягам нас уводзілі ў Афганістан. Сказалі, што трэба ўвайсці хутка, каб амерыканцы там свае ракеты не размясцілі. Мне было 18 гадоў. Я верыў камуністычнай прапагандзе. Цяпер я інакш гляджу на жыццё. Нас заўсёды падманвалі. За што нашы продкі ваявалі? Каб мы жылі ў галечы і пры дыктатуры? Працы няма. Адна міліцыя паўсюль. Не працуюць, а грошы атрымліваюць”, — распавёў праваабаронцам і журналістам ветэран-афганец у пачатку шэсця.”Паўсюль расейскія сцягі і шаўроны! Ніхто іх не затрымлівае і не кранае. Бел-чырвона-белым сцягам я хачу сказаць, што жыву ў сваёй краіне, а не ў акупаванай Расеяй. Сваю зямлю буду абараняць, незалежна ад таго, чый бот на яе ступіць!” — заявіў ветэран-афганец.

„Берасцейская вясна” падрабязна апісвае рэакцыю міліцыянтаў на нацыянальны сцяг у руках героя Афганістана:

„Неўзабаве да яго падышлі людзі ў цывільным:

— Прыбярыце сцяг!

— Я ў сваёй краіне і ўважаю, што гэты сцяг — наша нацыянальная годнасць! Гэта сцяг нашай незалежнасці, — адказаў афганец”.

Аляксандр Сахарук трапіў на службу ў Афганістан у васямнаццаць гадоў, быў узнагароджаны медалём „За адвагу”, зараз з’яўляецца сябрам незалежнага Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце