Мітынг у Курапатах



Зміцер Дашкевіч ад імя шасці чалавек, з якімі выстаўлялі першы намёт, заяўляе, што яны здымаюць варту, якая, па іх меркаванні, дасягнула сваёй мэты. І будуць працягваць адсочваць сітуацыю. „У гэтых уладаў варыянты два – ці садзіць нас у турму, ці забыць назаўжды пра гэту тэрыторыю”, – сказаў Дашкевіч. „Жыве Беларусь!” 

Мітынг закончыўся гімнам: „Магутны Божа”.

Фота: twitter.com/1863x

* * * 

Каля будаўнічай пляцоўкі ля мемарыяльнага комплексу «Курапаты» 12-ы дзень стаіць кругласуткавая варта. Зараз тут адбываецца мітынг. 

Перадае наш карэспандэнт Павел Генадзіч:

– На мітынгу прасутнічае больш за 200 чалавек. Перад прысутнымі выступілі прадстаўнікі амаль усіх палітычных партый і актывісты, якія гэтымі днямі бралі ўдзел у абароне Курапатаў. Настрой усіх такі, што лагер згортваць не будуць, ён застанецца аж да тых часоў, пакуль дзяржава не прыме ў абарону гэтых мясцін адмысловыя прававыя акты, каб вярнуць гэтую тэрыторыю ў мемарыяльны комплекс „Курапаты”. Людзі вельмі рашуча настроены на тое, каб бараніць святое для беларусаў месца.

Мітынг пачаўся гімнам: „Магутны Божа”. Пастар Антоній Бокун папрасіў Бога благаславіць гэтую зямлю. Пасля выступіў актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі, які  нагадаў, што з абароны Курапатаў пачынаўся Народны Фронт «Адраджэнне». Выступілі лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык,  сустаршыня БХД Павел Севярынец, які падзякаваў усіх за мужнасць і падтрымку.  Выступілі Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, Юрась Беленькі.

Алесь Чахольскі зачытаў зварот удзельнікаў сходу да ўладаў. Гучыць патрабаванне аднавіць межы мемарыяла, адмяніць вынікі аўкцыёна на забудову каля Курапат, ўпарадкаваць тэрыторыю, дзе была пачата забудова. 

Зварот прыняты адзінагалосна.

Уладзімір Някляеў з аптымізмам узгадаў словы: „У паветры пахне вясной і надзеяй!”

Фота twitter.com/_Slashman

Анлайн-трансляцыя:

Лёс лагеру будзе вырашаны  на мітынгу, які якраз ў гэтыя хвіліны пачынаецца ў Курапатах.

Там знаходзіцца наш карэспандэнт  Павал  Генадзіч:

– Акцыя пачнецца з невялікага малебну. Пасля гэтага пачнецца мітынг, на якім будзе вырашацца лёс лагеру ў Курапатах. На пляцоўцы зараз сабралася больш за 100 чалавек. І людзі ўсё прыбываюць.

Уласна ад будоўлі, якую вяло ТАА «Белрэканструкцыя», мала што засталося: плот, крыху будаўнічых матэрыялаў і раскапаная зямля. Актывісты чакаюць, што на наступным тыдні будзе знесены плот, упарадкаваная тэрыторыя, пасаджаныя дрэвы — тады можна будзе разбіраць лягер і талакой прыбрацца.

Беларускае Радыё Рацыя, Курапаты

Фота svaboda.org