Аксана Спрынчан: „Жабкі – сімвал Беларусі”



Нехта калекцыянуе маркі, нехта – манеты, нехта – падковы. Паэтка Аксана Спрынчан калекцыянуе статуэткі і выявы жабак. У яе калекцыі ёсць жабкі з парцаляны, пластмасы, керамікі, ёсць плюшавыя, срэбныя і залатыя.

Optimized-Zabki-Sprynczan-06

Чаму Аксана Спрынчан абрала для калекцыянавання менавіта жабак? Што такое жабка ў беларускай міфалогіі? Хто з вядомых беларусаў яшчэ збірае жабак?

РР: Аксана, мала хто ведае, што ў цябе ці не самая вялікая калекцыя жабак ва ўсёй Беларусі.

Аксана Спрынчан: У мяне ўжо каля 500 жабак, калі я выступаю ў школах, я кажу: “Уявіце, што ў мяне дома 500 жабак, то як вы думаеце яны робяць?”, як мне дзеткі сказалі: “Скачуць па хаце”. Я ўявіла гэтую карціну ў сваёй хаце і нават фантазіі дзяцей пазайздросціла, але насамрэч вядома ж яны па хаце не скачуць, яны яе проста ціха-ціха займаюць. Яны стаяць на паліцах, на падлозе, вісяць не сценах. Яны ў мяне і гліняныя, папярэджу, што я збіраю не проста там, каб малюнак быў, каб гэта была абавязкова фігурка, скульптурка, а не проста намаляваная. У мяне і гліняныя, і драўляныя, і залатыя, і срэбныя, і мягкія, і з камянёў, і з паўкаштоўных, толькі вось відаць з дыяментаў няма. Я магу пражыць цэлы дзень карыстаючыся прадметамі з жабак.

РР: Якія, напрыклад, прадметы ў форме жабак?

Аксана Спрынчан: Пачнем звычайны дзень чалавека, вось я прачнулася, у мяне ёсць зубная шчотачка, дзе на канцы жабка, у мяне ёсць мыла ў выглядзе жабкі, у мяне ёсць крэм, які ў жабцы знаходзіцца, у мяне ёсць ёршык для ўнітаза ў выглядзе жабкі. Мылася, памылася. Далей у мяне кубачак у выглядзе жабкі, можна каву піць, і талерачка ёсць, імбрык, то бок магу паесці. Далей я выходжу ў людзі, у мяне ёсць дзясяткі ўпрыгожанняў з жабамі: завушніцы, калье, гумкі, бранзалеты. Я магу цалкам упрыгожыцца. Калі раптам ідзе дождж, то ў мяне ёсць парасон з жабкай, ну і торбачка вядома з жабкай. Калі я ўжо зусім упаду ў дзяцінства, то магу і пагуляцца з рознымі жабкамі. Хаця не ўсімі канешне прадметамі я карыстаюся, ёсць тыя, якія для ўжытку, а ёсць тыя, якія сапраўды толькі для калекцыі.

РР: А чаму менавіта жабкі?

Аксана Спрынчан: Я мяркую, што жабкі – гэта сімвал Беларусі. Зазвычай мне кажуць ну якіж гэта сімвал Беларусі, у нас ёсць буслы. Не буду казаць, што я іх не люблю, я іх таксама люблю. Яны вельмі прыгожыя, яны цудоўныя, хоць і харчуюцца жабкамі. Быў такі вядомы плакат “Ніколі не здавайся”, дзе жабка душыць бусла. Я думаю, што беларусам таксама трэба быць такімі, ніколі не здавацца. Вось уяві, што ў цябе сябар бусел, табе добра, цудоўна, у цябе ёсць грошы, лета, цяпло і ён з табой. Раптам усё скончылася, пахаладала, ты без нічога застаўся, ён бах і паляцеў на паў гады некуды. Не, у цябе пасля зноў настане цёплае жыццё і ён да цябе вернецца, але ці так гэта ўсё цудоўна. Нашыя жабкі заўсёды з намі, у нашым балоце. Балота трэба ўспрымаць не як нешта кепскае, а як лёгкія Беларусі, лёгкія Еўропы – гэта тое, што дапамагае дыхаць. Я думаю, што жабкі ў гэтым балоце сапраўды таксама натхняюць, таксама дапамагаюць. Жабка – гэта ж яшчэ сімвал эротыкі, урадлівасці, сямейнага жыцця. У многіх міфалогіях свету мяркуецца, што яна выклікае дождж, значыць у яе сувязь з небам. Я думаю, што гэта добра, што нашае балота праз нашых жабак звязанае з небам, і праз наше неба з усім небам, і з космасам. Калі я пачала збіраць жабак, я напачатку марыла завесці дома жабку.

РР: То бок жывую?

Аксана Спрынчан: Жывую таксама, мне патлумачылі, што беларускія жабы не жывуць у няволі – гэта тады мяне вельмі ўразіла яшчэ больш, што ім цяжка жыць у няволі, што я магу пайсці ў краму, набыць нейкую паўднёва-афрыканскую ці амерыканскую нейкую жабку, якіх можна трымаць, а нашыя хочуць на волю. Неяк я вырашыла, што лепей проста перажываць зіму і проста чакаць нашых жабак. Ну і мара ў мяне ёсць такая, стварыць у Беларусі Музей жабак. Ёсць у свеце самыя розныя, недзе ў Коўне ёсць Музей чарцей, то па-мойму жабак музей нашмат больш прыемны. Калі гэта створыцца, сваю калекцыю аддам у музей, ну і неяк я так задумвалася, то што ж я застануся зусім без жаб, тады я пайшлі і зрабіла сабе тату, каб жабка заўсёды была са мной.

РР: Ці ёсць яшчэ ў Беларусі неякія калекцыянеры статуэтак жаб?

Аксана Спрынчан: З тых, хто найбольш вядомы – гэта Жанна Ліцвіна, якая ўзначальвала БАЖ. Паколькі БАЖ, калі назад чытаецца, то ЖАБ, то неяк ужо таксама пайшла традыцыя дарыць ёй жабак. Я яе калекцыю не бачыла, але ведаю, што ёсць. Калекцыя, я думаю, заўсёды гэта цудоўна.

Аксана Спрынчан нарадзілася ў Лунінцы. Аўтарка 7 кніжак. Лаўрэатка літаратурнай прэміі “Блакітны свін”, спецыянльнага прызу журы міжнароднай прэміі “Садружнасць дэбютаў”, пераможца конкурсу “Літаратура – дзецям”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара