Акцыя гарадзенскага хоспіса супраць раку



У Дзень барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі, які ва ўсім свеце адзначаюць 4 лютага, дзіцячы хоспіс правёў акцыю ў гарадзенскай кавярні «Рандэву».

Выхаванцы хоспіса разам з вучнямі адной з гарадзенскіх гімназій гатавалі печыва ў форме сэрцаў, а наведнікі кавярні маглі набыць такія сэрцы.

Пра мэты акцыі распавядае намесніца дырэктара гарадзенскага дзіцячага хоспіса Ёанна Нямчыноўская:

— Спрабаваць дайсці да свядомасці перш за ўсё бацькоў: звярнуць увагу на сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей, пайсці ў медустанову, здаць аналізы, прайсці абследаванне, праверыць свой арганізм, стан свайго арганізму дзеля таго, каб ніколі не пачуць траўмуючы дыягназ: у вас — рак. І вось падапечныя дзіцячага хоспіса звяртаюцца да ўсіх: разам мы можам прадухіліць рак.

Наведнікі кавярні таксама мелі магчымасць зрабіць ахвяраванні ў дапамогу хоспісу.

Пад апекай Гарадзенскага дзіцячага хоспіса знаходзяцца 76 сем’яў з цяжка- і невылечна хворымі дзецьмі.

Беларускае Радыё Рацыя