Акцыя “Мы разам!” адбылася ў Глыбокім



“Мы разам!” – свята пад такой назвай і акцыя ў падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі адбыліся ў Глыбокім. Арганізавала мерапрыемствы Глыбоцкая парафія Святой Тройцы пры падтрымцы дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, мясцовых уладаў і прадпрымальнікаў.

my_razam_9

Свята наведала каля 150 людзей з абмежаванымі  магчымасцямі.

Паводле пробашча глыбоцкага касцёла Святой Тройцы, ксяндза Мікалая Ціхановіча, парафія запрашала людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Глыбокае з усёй Віцебскай дыяцэзіі.

– Некаторыя званілі і казалі, што хацелі б быць, але не змаглі, па розных прычынах, але на самой справе нават і гэтая колькасць – яна важная, таму што гэтая інтэграцыя інвалідаў у грамадства, яна вельмі патрэбная. Канешне, бачны ўжо зрух у нашым соцыуме. Ёсць і пазітыўныя моманты, калі гэтымі людзьмі цікавяцца. Але яшчэ гэта вялікая праца, толькі пачатак таго, каб гэтыя людзі адчувалі сябе сапраўды часткай грамадства.

На свята  завіталі і прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі “АПА”з французскага горада Безансон. Як кажа прадстаўнік гэтай арганізацыі П’ер Цюба, яны прывезлі ў Глыбокае гуманітарную дапамогу.

– Гэта тое, што неабходна для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Гэта хадуны, спецыяльныя ложкі, інвалідныя вазкі ды іншыя прыстасаванні.

Падчас  мерапрыемства “Мы разам!” адбыліся шэсце па горадзе людзей з абмежаванымі магчымасцямі, святочны канцэрт, рухомыя гульні, дыскатэка, агульны пачастунак. А таксама ў межах свята быў зладжаны круглы стол прадстаўнікоў сацыяльных цэнтраў, святароў і мясцовых уладаў, на якім разглядаліся пытанні міласэрнасці і інтэграцыі інвалідаў у грамадстве.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя