Акцыя “Падары ім шанец” у Гомелі



25 бадзяжных жывёлаў знайшлі сабе гаспадароў падчас акцыі “Падары ім шанец”. Мерапрыемства адбылася ў Гомелі 11 раз запар.

dsc_1889

Валанцёры з валанцёрскага руху па абароне бадзяжных жывёлаў прывялі на мерапрыемства 67 жывёлаў, якія засталіся на вуліцы. Валанцёр Жанна Пікоўская прыйшла на акцыю са сваім гадаванцам-інвалідам, які адзіны ў Гомелі мае адмысловы вазок для жывёлаў.

Жанна Пікоўская:

– Гэты сабака трапіў у аварыю паўтара года таму. Я яго вырашыла забраць сабе, бо ў нас няма прытулку для жывёлаў. Ён быў вельмі хворым. У яго былі свішчы да костак, у яго было запаленне ў вушах, глісты. Ён быў увесь у больках і ранках. Я яго прывяла ў парадак. Мы з ім вельмі сябруем. Да нас прыехала з Кіева першы ў Гомелі інвалідны вазок для жывёлаў, які быў адмыслова для яго зроблены.

Лідар валанцёрскага руху па абароне жывёлаў Святлага Лапо лічыць, што ў грамадстве апоўнім часам змяняецца стаўленне людзей да бадзяжных жывёлаў. Святлана Лапо ўзгадала, як 6 гадоў таму яны пачыналі валанцёрскую дзейнасць.

Святлана Лапо:

– Мы пачыналі валанцёрскі рух з трох чалавек, цяпер іх нашмат болей. Напэўна, чалавек 50 набярэцца. На дадзены момант група валанцёраў у сацыяльнай сетцы ў Кантакце налічвае больш за 16 тысячаў сябраў. Не ўсе яны, канешне, з’яўляюцца валанцёрамі, але многія дапамагаюць і кармамі, і лекамі. Людзі разумеюць, што бадзяжныя жывёлы – гэта пэўная катэгорыя, якім патрэбная дапамога.

Жывёлаў напярэдадні акцыі агледзеў ветэрынар. Ім былі зробленыя прышчэпкі ад шаленства, некаторыя былі стэрылізаваныя.  Каб узяць сабе жывёлу, трэба было мець пашпарт, ашыйнік для сабак і пераноску для катоў. Падчас мерапрыемства працаваў намёт, куды можна было прынесці корм, лекі ці касметычныя сродкі для жывёл.

У Беларусі службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі штогод знішчаюць больш за 70 тысячаў бадзяжных катоў і сабак.

Беларускае Радыё Рацыя, Юлія Сівец

Фота: Юлія Сівец