Акцыя „Падары камп’ютар бабулі”



Арганізацыя „Пенсійны выпадак” выступіла з ініцыятывай „Падары камп’ютар бабулі”.

„Сёння без Інтэрнэту немагчыма ўявіць сабе нармальную жыццядзейнасць. Інфармацыя, пакупкі, электронныя чэргі і плацяжы, сацыяльныя сеткі ды зносіны з далёкімі сваякамі. Але „камп’ютарызацыя” пенсіянераў адбываецца ў Беларусі досыць павольна”, – каментуе арганізатар акцыі дырэктар “Пенсійнага выпадку” Аляксандр Зялко.

– Сталыя людзі нашай краіны не маюць магчымасці карыстацца Інтэрнэтам у поўным аб’ёме, у якім карыстаюцца маладыя людзі. Прычына гэтага ў тым, што яны не маюць магчымасці купіць камп’ютар, усталяваць яго, падключыцца да Інтэрнэту, выбраць сабе нейкага добрага правайдара. Кошты дастаткова сур’ёзныя для нашых сталых людзей, эканамічнае становішча якіх апошнім часам істотна пагаршаецца. Мы прыдумалі такую акцыю – звярнуцца да маладых людзей, да арганізацый, да фізічных і юрыдычных асоб, каб яны неяк дапамаглі непасрэдна камп’ютарнай тэхнікай.

“Нягледзячы на ​​досыць вялікую колькасць камп’ютарных курсаў для сталых людзей, у хатняй гаспадарцы пенсіянераў камп’ютар яшчэ не стаў „надзейным сябрам і правадніком інфармацыі”. Каб паспрыяць выпраўленню гэтай праблемы, ініцыятыва „Падары камп’ютар бабулі” прапануе сабраць і адрамантаваць старыя камп’ютары, а затым перадаць іх сталым людзям. Кантакты арганізатараў і больш падрабязна аб ініцыятыве можна даведацца ​​на сайце Talaka.by”, -паведаміў Аляксандр Зялко.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя