Акцыя пратэсту гарадзенскіх таксістаў



Гарадзенскія таксісты пачалі падаваць індывідуальныя пісьмовыя звароты ў абласны выканаўчы камітэт. Яны не згодны, каб усталёўвалі ў іх таксометры сродкі кантролю падатковых органаў. Кажа адзін з гарадзенскіх таксістаў Сяргей Верамеенка:

Усталяванне гэтай прылады прадугледжваецца за наш кошт. Такім чынам, кожны ўладальнік таксометра павінен аплаціць усталяванне, кошт закладу, працу і г.д.  Агулам выдаткі складаюць 3,5-4 мільёны.

За першы дзень акцыі было перададзена ў агульны аддзел абласнога выканаўчага камітэта дзесяць заяваў нязгодных. Акцыя па пісьмовых зваротах таксістаў працягнецца ў наступны панядзелак на плошчы Леніна. Апрача індывідуальных зваротаў, сярод таксістаў праводзіцца збор подпісаў пад калектыўным зваротам да менскіх уладаў, якія адказныя за пастановы, што даводзяць таксістаў да мяжы існавання.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара