Актывістаў пакаралі за віншаванне з Днём Волі



Актывісты Руху “За свабоду” Уладзімір Гундар і Юрый Казакевіч па рашэнні суда Баранавіцкага раёна за віншаванне гараджан Баранавіч з угодкамі БНР 25-га сакавіка і дарэнне кветак атрымалі штаф у 20 базавых велічынь кожны.

IMG_4382

Суд доўжыўся гадзіну. Хаця Гундар прапанаваў не псаваць часу і адразу зачытаць рашэнне, якое ўжо падрыхтавана і ляжыць у суддзі на стале. Ён не памыліўся. Суддзя Аксана Літвінчук адразу пасля працэса, не выходзячы з залы суда, зачытала рашэнне.

IMG_4380

Кажа Уладзімір Гундар:

– Гэта, канешне, не суд. Я, ужо выйшаўшы з суда на прыступкі, сказаў, што гэта  не дом правасуддзя, а дом беззаконня. У нармальнай краіне такіх спраў проста няма.

Прысутныя на судзе сябры Уладзіміра Гундара і Юрыя Казакевіча асудзілі як рашэнне суддзі, так і дзеянні міліцыі:

Мікалай Падгайскі, старшыня ТБМ:

– Мы жывём у акупаванай краіне. Мова тут знішчана, супраць Расеі слова сказаць нельга на гэтым судзе. Тут пануе беззаконне!

Аляксандар Вайцешык, праваабаронца:

– Суд лічу незаконным. Ім далі па максімуму.

Мікалай Чарнавус:

– Дзень Волі – свята, нават маглі б і не заўважыць. Але заўважылі. Маглі б папярэдзіць. Але ж не. Бюджэт горада трэба папаўняць, рамантаваць дарогі, ямкі латаць.

У Баранавіцкім судзе працэсы над грамадскімі актывістамі пастаўлены на паток. 12-га траўня быў пакараны штрафам у 30 базавых велічынь за адзіночны пікет супраць падвышэння пенсійнага ўзросту Мікалай Чарнавус. Зараз на разглядзе ў судзе справа актывіста РЭП Аляксандра Шведа за раздачу прафсаюзных газет ля прахадной камвольнага камбіната ў Слоніме.

Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.