Актывісты “Вольнага гораду” – за малы памежны рух



Берасцейскія актывісты кампаніі “Вольны горад” працягваюць акцыю па інфармаванню насельніцтва пра малы памежны рух па рэгіёнах. Гэтым разам яны наведалі мястэчка Высокае ў Камянецкім раёне і мястэчка Шарашова ў Пружанскім. Плакаты і буклеты пра малы памежны рух былі расклеены на дошках аб’яў, каля крамаў і пад’ездаў, пакіданы ў паштовыя скрыні, раздаваліся на вуліцах. „З людзьмі вяліся тлумачальныя гутаркі,” – кажа актывіст кампаніі Андрусь Шарэнда.

– Гэтыя мястэчкі маюць багатую гістарычную спадчыну. Але зараз яны знаходзяцца ў занядбаным стане. Фактычна ператвараюцца з гарадоў у вёскі. Людзі ўвогуле не валодуюць інфармацыяй, што такое малы памежны рух і якія карысці ён дае.

Паводле Андруся Шарэнды, у мястэчках пануе заняпад, беспрацоўе, п’янства. Паездка ў суседнюю Польшчу, да якой літаральна пару кіламетраў, ва ўяўленні многіх людзей, параўнальна з палётам у космас. Малы памежны рух можа стаць штуршком да  культурнага і эканамічнага адраджэння гэтых мястэчак.

Беларускае Радыё Рацыя