Алег Волчак: Міліцыянты не павінны дзейнічаць, як бандыты



Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак даў ацэнку законнасці затрыманняў актывістаў 15 сакавіка.

Як вядома, учора неўзабаве пасля “Маршаў недармаедаў” у Менску  і некаторых іншых гарадах Беларусі распачаліся затрыманні. У сталіцы, па некаторых ацэнках, затрымалі 30-35 чалавек, тое самае адбывалася ў Гародні і Магілёве.

Алег Волчак: На мой погляд, пракуратура павінна разглядзець выпадкі нападу людзей, якія знаходзіліся ў цывільным. Гэта натуральнае хуліганства. Па-першае, ніхто не ведае, хто затрымліваў (нападаў) – супрацоўнік міліцыі альбо не. І, калі насамрэч міліцыянты, то тут відавочнае перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Анархістаў, якія, дарэчы, досыць спакойна вялі сябе падчас акцыі, выцягвалі з тралейбуса, там справакавалі ледзь не бойку. Каму патрэбны такія захопы? Гэта прафесійная праца супрацоўнікаў праваахоўных органаў? Безумоўна, не. Гэта сур’ёзнае парушэнне, правакацыя. Звычайныя пасажыры маглі ўключыцца ў бойку і таксама пацярпелі б. Уявіце, што невядомыя ў цывільным заскокваюць у гарадскі транспарт і пачынаюць біць людзей і цягаць іх за валасы. Міліцыянты не павінны дзейнічаць, як бандыты.

РР: Акцыя была санкцыянаваная, усё прайшло без інцыдэнтаў. Навошта было затым так брутальна затрымліваць людзей?

Алег Волчак: Так, усё было вельмі культурна і цывілізавана. Гэдак жа цывілізавана пачалі і разыходзіцца па дамах, але сёння, відаць, камусьці вельмі хочацца, каб сітуацыя абвастралася. Лукашэнка гэтымі днямі сустракаўся з высокімі чыноўнікамі краін Еўразвязаў. Яму патрэбна, каб затым беларускі рэжым ізноў тыкалі носам у тыя рэпрэсіі, што распачаліся? Адна справа – прафілактыка, іншая – правакацыі, якія толькі псуюць імідж краіны, які толькі-толькі пачаў паляпшацца.

РР: Праўда, што анархісты не мелі правы закрываць твары хусткамі падчас масавых акцый? Маўляў, гэта парушэнне заканадаўства…

Алег Волчак: Дзе ў Канстытуцыі запісана, што людзі, якія прыйшлі на мірны санкцыянаваны сход, не маюць права закрываць твар? Мне падаецца, што гэта проста фармальная падстава для таго, каб рэпрэсаваць людзей, застрашыць грамадства, каб людзі баяліся выходзіць на пратэсты. Усё можна было зрабіць цывілізавана, але чамусьці не захацелі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя