Алег Волчак: У лясах я не хаваўся



Праваабаронца распавёў, чаму ён не сядзіць на “сутках”, хаця суд Фрунзенскага раёна Менска асудзіў яго да адміністрацыйнага арышту яшчэ 21 сакавіка.

Нагадаем, 21 сакавіка суд завочна асудзіў кіраўніка праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” (Кіеў) Алега Волчака да 13 сутак адміністрацыйнага арышту судзілі за ўдзел у Маршы абураных беларусаў, які прайшоў у сталіцы 17 лютага. Сам праваабаронца ў суд не з’явіўся, доўгі час пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома.

Алег Волчак: 31 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне раённага суда аб прыцягненні мяне да адміністрацыйнай адказнасці. У скарзе мы з адвакатам указалі ўсе парушэнні працэсуальнага заканадаўства і матэрыяльнага права і просім спыніць працэс. Хачу дадаць, што па маёй сітуацыі ўжо пастаўлены ў вядомасць спецдакладчык па праваабаронцах ААН, накіравана інфармацыя спецдакладчыку па незалежнасці суддзяў, а таксама ў маю падтрымку выступілі шэраг міжнародных арганізацый, якія запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць пераслед.

РР: Доўгі час пра ваша месцазнаходжанне нічога не было вядома. Дзе ўвесь гэты час былі?

Алег Волчак: Адразу скажу – у лясах не хаваўся. Паколькі нашая праваабарончая арганізацыя зарэгістравана ў Кіеве, то мне якраз на гэты час выпала неабходнасць ехаць ва Украіну. Заканадаўства дазваляе ў сваю адсутнасць браць сабе адваката, што я і зрабіў. Таму мяне і судзілі завочна, а мае інтарэсы прадстаўляў адвакат. А зараз я вярнуўся ў Менск, і мы абскарджваем рашэнне раённага суда.

РР: На што заўтра разлічваеце?

Алег Волчак: Могуць, натуральна, змягчыць пакаранне, але, улічваючы тое, што ў апошнія дні адбываецца ў краіне, як праходзяць суды над удзельнікамі акцый, на гэта будзе складана разлічваць. Але хачу сказаць, што маёй справай зацікавіліся юрысты для Камітэта па правах чалавека ААН. Усім відавочна, што мяне пераследуюць за праваабарончую дзейнасць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя