Алесь Бяляцкі: Сітуацыя з правамі чалавека ў Расеі надзвычай кепская



Старшыня праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі прысутнічаў у Варшаве на ўручэнні прэміі імя Леха Валенсы, якой  у гэтым годзе была ўганаравана дачка забітага расейскага палітыка Барыса Нямцова Жана Нямцова, а дакладней, грамадзянскай супольнасці Расеі ў асобе дачкі забітага палітыка.

Алесь Бяляцкі

Па вяртанні ў Менск Алесь Бяляцкі распавёў, што частку прэміі Жана Нямцова вырашыла перадаць украінскім недзяржаўным гуманітарным арганізацыям і беларускаму незалежнаму сайту „Хартыя-97″.

Пра гэта праваабаронца распавёў у інтэрв’ю нашаму карэспандэнту Генадзю Барбарычу.

РР: Вы былі на ўручэнні прэміі імя Леха Валенсы, у гэтым годзе яна ўручана забітаму Барысу Нямцову.

Алесь Бяляцкі: Яна ўручана грамадзянскай супольнасці Расеі ў асобе Жаны Нямцовай – дачцэ Барыса Нямцова. Прэмія называецца прэмія “Салідарнасці” імя Леха Валенсы, якую ўручаў асабіста Лех Валенса. На ўручэнні быў прэзідэнт Камароўскі, прадстаўнікі ўраду – гэта хіба што самая прэстыжная на сённяшні дзень такая прэмія, якую ўручае польская грамадскасць. У мінулым годзе прэмію атрымаў Мустафа Джамілеў – вядомы дэсідэнт, вядомы палітык крымска-татарскі, які зараз вымушаны пакінуць Крым, ён жыве ва Украіне зараз. Жана Нямцова ўжо вызначылася, што тая частка прэміі, якая прызначана на падтрыманне грамадзянскай супольнасці, будзе падзелена сярод украінскіх няўрадавых гуманітарных арганізацый, якія займаюцца дапамогай гуманітарнай бежанцам і перасяленцам з Данбаса. Яшчэ частка гэтай прэміі будзе таксама аддадзена незалежнаму інфармацыйнаму сайту “Хартыя-97”. Цікава, што адным з кандыдатаў на гэтую прэмію быў таксама палітзняволены Мікалай Статкевіч. Усяго было дзесяць кандыдатур, ну вось рада, якая выбірае лаўрэата, выбрала ўсё ж такі як раз Жану Нямцову. Ну можа быць як памяць, не столькі яе, колькі, так бы мовіць, памяць пра яе бацьку Барыса Нямцова.

РР: Тое, што прэмія ўручана расейскай грамадзянскай супольнасці, зразумела ў Расеі апошнім часам відавочна страшна пагоршылася сітуацыя з правамі чалавека.

Алесь БяляцкіУсе гэта заўважаюць і адназначна гэта звязана з тым канфліктам вайсковым, які развязала Расея з Украінай, калі яна проста кардынальным чынам змяніла свае ўзаемаадносіны з многімі еўрапейскімі краінамі. У той жа час паралельна праводзіць кампанію па фактычна знішчэнню грамадзянскай супольнасці ў Расеі, калі дзясяткі арганізацый вымушаныя зачыніцца. Зараз адно з самых папулярных пытанняў, якія задаюць грамадскія актывісты Расеі, калі яны сустракаюцца дзесьці за мяжой, то яны пытаюцца: “А дзе ты жывеш?”. Гэта значыць, што ў Маскве, ці ў Піцеры, ці ў Ніжнім-Ноўгарадзе, ці ўжо за мяжой, вось і сама Жана Нямцова дарэчы вымушана была пакінуць Расею, яна зараз жыве ў Нямеччыне таму, што былі сігналы, былі пагрозы для яе жыцця і здароўя. Гэта гаворыць пра тое, што сітуацыя з правамі чалавека ў Расеі зараз надзвычай кепская і гэта пагаршэнне інспіравана менавіта ўрадам Расеі, прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

РР: Але ў гэтай сітуацыі праблемы Беларусі адыходзяць на другі, а можа нават і на трэці план. Вы сустракаліся там з прадстаўнікамі кіруючай польскай эліты, як яны бачаць гэтую сітуацыю, што на самой справе беларускія ўлады сталі так бы мовіць рукапацісканымі? З імі зараз можна весці перамовы, запрашаць іх на Захад, тым больш што Захад адмяніў санкцыі супраць 24 беларускіх чыноўнікаў і суддзяў, якія заўважаныя ў фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіях.

Алесь Бяляцкі: Што датычыцца адносін польскіх палітыкаў  да сітуацыі з Беларуссю, то з аднаго боку яны ўсе настроены на паляпшэнне ўзаемаадносін паміж польскім народам і беларускім народам. З дугога боку самі прайшоўшы праз аўтарытарны, таталітарны рэжым. Багата з іх самі сядзелі ў турме і змагаліся за дэмакратыю, за правы чалавека ў Польшчы, як той жа прэзідэнт Камароўскі, напрыклад, які быў у адной з першых праваабарончых арганізацый яшчэ ў канцы 70-х гадоў у Польшчы, быў інтэрнаваны, таксама знаходзіўся ў турме пэўны час. Яны ўсе выдатна разумеюць тое, што ў нас адбываецца і з аднаго боку, яшчэ раз падкрэсліваю, яны хочуць палепшыць гэтыя адносіны паміж нашымі народамі, з другога боку яны не будуць рабіць гэта за кошт дэмакратычных каштоўнасцяў. Для палякаў і польскіх палітыкаў, польскага грамадства каштоўнасныя арыенціры дастаткова важныя і бізнес не адсуне гэтыя арыенціры кудысьці на другі, на трэці план. Іншая справа, што канешне зараз іхняя ўвага, іхнія высілкі найбольш накіраваныя на Украіну, якая таксама з’яўляецца суседкай Польшчы, яны сапраўды вельмі багата працуюць зараз там. Мая задача, напрыклад, была нагадаць пра тое, што Беларусь і Украіна з’яўляюцца фактычна адным пост-савецкім рэгіёнам і што мы не павінны выпадаць з поля зроку польскай грамадскасці і палітычных колаў. Мне здаецца, што такое разуменне ёсць і на колькі будуць гэтыя актыўныя сувязі, на колькі актыўная будзе салідарнасць з беларускім грамадствам, тут гэта залежыць таксама і ад актыўнасці беларускага грамадства і ад актыўнасці беларускіх грамадскіх дзеячаў і палітыкаў.

РР: Як раз падчас уручэння гэтай прэміі Лукашэнка даў інтэрв’ю тром незалежным беларускім сродкам масавай інфармацыі. Вы праслухалі гэтае інтэрв’ю? Якія ўражанні?

Алесь Бяляцкі: Сапраўды яшчэ адзін такі цікавы сігнал, які зараз па-рознаму ацэньваюць у беларускім грамадстве, я асабіста лічу, што трэба да гэтага ставіцца спакойна і ні ў якім выпадку не ўваходзіць у нейкія ўнутраныя разборкі паміж урадавымі сродкамі масавай інфармацыі, а ставіцца да гэтага прафесійна, скажам так, таму што сёння ён даў інтэрв’ю аднаму, заўтра ён можа даць другому, паслязаўтра ўвогуле нікому не дасць, што адбывалася дзясяткамі гадоў, калі ён ні з кім не сустракаўся. Гэта яшчэ ні пра што ні гаворыць і мы будзем ацэньваць змены Беларусі па рэальных справах, па рэальных нейкіх фактах. На жаль сітуацыя застаецца яшчэ такой, якой яна была доўгія гады. Тое, што было сказана пра вызваленне Мікалая Статкевіча, што можа так, можа не – гэта так і застаецца, як я мяркую пяцьдзясят на пяцьдзясят працэнтаў. Зараз лёс Мікалая Статкевіча знаходзіцца ў руках Аляксандра Лукашэнкі, вось адзінае што ён падкрэсліў у гэтым сваім інтэрв’ю – гэта хіба што адзіная цікавая інфармацыя з усёй гэтай, так бы мовіць, гутаркі якая там адбылася. Больш нічога новага я там не пачуў.

РР: Лукашэнка ў гэтым інтэрв’ю і вас узгадваў: “Не заплаціў падаткаў – сеў, заплаціў – выйшаў”. Што вы можаце адказаць?

 Алесь Бяляцкі: З самага пачатку і да канца мая справа мела палітычны кантэкст, як мяне пасадзілі па палітычных прычынах, так мяне з-за палітычных нейкіх раскладаў палітычных прычын і выпусцілі. А што падаткі – гэта было абсалютна, так бы мовіць, падаткі тут былі ні пры чым. 

РР: У гэтым інтэрв’ю Лукашэнка ўскосна назваў прозвішчы зніклых палітыкаў: Захаранку, як ён сказаў: “Здаецца ў мяне тады быў міністрам унутраных спраў”, і Віктара Ганчара, з якім ён ездзіў калісьці на “Барысаўдрэў”. Палітыкі зніклі, як мяркуецца, па палітычных прычынах па замове беларускай улады. Што з гэтымі справамі зніклых?

Алесь Бяляцкі: Мы пра іх памятаем, мы пра іх ніколі не забудзем, я маю на ўвазе беларускіх праваабаронцаў, беларускіх грамадскіх актывістаў. Што тычыцца беларускіх праваабаронцаў, то справа зніклых для нас заўсёды была і застаецца справай надзвычай важнай. Зразумела, што на сённяшні дзень улады не зацікаўлены ў расследаванні гэтай справы, гэтых знікненняў. І толькі пры змене гэтай улады грамадства даведаецца праўду і сапраўды можна будзе правесці і справядлівае расследаванне і знайсці тых, хто вінаваты ў гэтых палітычных знікненнях. Тое, што Лукашэнка так мімаходзь і ўскосна згадвае пра такія важныя праблемы, зусім не гаворыць пра тое, што ён пра гэта не ведае, не думае, што ён забыўся, хто такі Захаранка і Ганчар – не, гэта палітычная гульня, гэта гульня разлічаная на беларускія шырокія масы, якія можа быць не зусім ведаюць пра гэтыя палітычныя знікненні – дакладнасці, падрабязнасці.

„Але калі-небудзь людзям стане ўсё вядома пра гэтыя справы. І  думаю, што гэта будзе адно з тых пытанняў, на якое  самаму Лукшэнку, калі ён дажыве да тых часоў, будзе надзвычай складана адказаць”, – падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск