Алесь Чахольскі: У Берасці ёсць суд маскоўскі і ленінскі, беларускага няма (абноўлена)



У Берасці працягваюцца судовыя разгляды па справе канфіскаваных на мяжы кнігаў Зянона Пазняка, якія былі прызнаныя “экстрэмісцкімі”. Гэтым разам разглядалася скарга адказнага сакратара Управы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага на неправамоцнасць экспертаў, якія давалі заключэнне па кнігах. Некаторыя з іх з’яўляюцца прадстаўнікамі грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, а тая падтрымлівае дзейную ўладу ў Рэспубліцы, – кажа палітык.

– У слаўным горадзе Берасце ёсць суд маскоўскі, ёсць суд ленінскі. Беларускага няма. Быў працяг разгляду на экспертнае заключэнне. Відавочна, гэта палітычная справа. Гэта спроба ўлады зрабіць справу рукамі так званых экспертаў спадароў Ляўковіча і Гетмана. Яны выкарысталі свае службовыя становішчы для таго, каб расправіцца са сваімі палітычнымі апанентамі.

Прадстаўнікі экспертнай камісіі, якія з’явіліся ў суд, не давалі каментароў. Працэс доўжыўся 2,5 гадзіны. Судовае рашэнне чакаецца заўтра. Суддзя – Алена Кавальчук.

* * *

Ад берасцейскіх суддзяў зараз залежыць ці будуць кнігі “Добрая фатаграфія” і “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял” аўтарства Зянона Пазняка прызнаны экстрымісцкімі. Актывістам КХП БНФ Алесем Чахольскім з нагоды гэтага была пададзена скарга, і рашэнне па ёй мусяць прыняць 23 лютага.

Каментуе юрыст Галіна Пархімчык:

– Думаю, не дай бог, калі гэтае заключэнне прызнаюць адпавядаючым заканадаўству, то гэта дрэнны будзе прэцэдэнт, таму што нам як бы будзе забаронена мець гэтыя кнігі, чытаць іх.

Юрась Беленькі (намеснік старшыні КХП БНФ): Калі зараз прызнаюць гэта экстрэмізмам, значыць, будзе пяройдзены нейкі Рубікон. Як у Германіі некалі пачалі паліць кнігі. Калі проста забаранілі – адна справа. Але калі праз суд гэта прайшло, значыць дадзена адмашка да палітычнай расправы.

Абедзве кнігі з шэрагам іншых былі канфіскаваныя ў Алеся Чахольскага на беларускай мытні ў Берасці. Пасля гэтага з прадстаўнікоў аддзела ідэалогіі мясцовага выканкаму і ідэалагічнага апанента КХП БНФ – аб’яднання “Белая Русь” была складзена экспертная камісія, якая ўгледзела ў кнігах прыкметы экстрэмізму. Чахольскі ў сваю чаргу стаў пярэчыць гэтаму рашэнню і адстойваць сваю праўду ў судах. “Тут ідзе барацьба ідэалогій, таму калі прызнаюць кнігі экстрэмісцкімі, то справа відавочна мае палітычны падтэкст”, – мяркуе Чахольскі.

Беларускае Радыё Рацыя