Алесь Мех асуджаны на 7 сутак за размовы побач з плошчай



Грамадскі актывіст з Кобрына Алесь Мех асуджаны на 7 сутак арышту за тое, што размаўляў 18 сакавіка з людзьмі ля гарадской плошчы бліжэй за 50 метраў ад будынка раённага выканаўчага камітэта.

Рашэнне суддзі Вадзіма Здановіча, на думку прысутнага на судзе Аляксандра Ярмашука, надуманае і незаконнае. Усе сведкі, ад міліцыянтаў да звычайных грамадзян, казалі, што ніякай акцыі не было.

Кажа Аляксандр Ярмашук:

– Нават з таго відэа, якое здымалі работнікі міліцыі, бачна, што Алесь не заходзіў на плошчу. Не было за што абсалютна прычапіцца. Ніводзін сведка з міліцыі таксама не сказаў, што ён агітаваў за нешта, нейкі мітынг праводзіў. Абсалютна не было прычыны нават шраф прысуджаць, не гаворачы ўжо пра суткі. Проста праблема высмактаная з пальца.

Паводле Аляксандра Ярмашука, справу трэба было закрываць. Але спецслужбам тады трэба было б адказваць, дзеля чаго трымалі Меха 5 дзён у хатняй аблозе.

Беларускае Радыё Рацыя