Алесь Зарэмбюк: Бязвізавы рэжым варта пашырыць і на гарадзенскі аэрапорт



Бязвізавы рэжым для замежных грамадзян варта пашырыць таксама на гарадзенскі аэрапорт. Такое меркаванне выказвае прадстаўнік Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

Прыгадаем, што з 12 лютага ўваходзіць у дзеянне бязвізавы рэжым уезду для тых замежнікаў, якія наведаюць Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”.

На думку нашага суразмоўцы, Гародня мае шанцы значна павялічыць прыток турыстаў, акрамя таго развіццё ўласнага аэрапорта таксама карыснае для саміх жыхароў рэгіёну.

– Сапраўды, варта было б інвеставаць у гарадзенскі аэрапорт, развіваць яго. Рабіць таксама бязвізавы ўезд, не толькі праз менскі аэрапорт, але таксама і праз гарадзенскі. Гэтае пытанне ўсё роўна паўстане, і пазітыўна павінна быць вырашана ў самым найбліжэйшым часе. Але ж, ёсць праблема, што ў Беларусі не працуюць лаўкосты – кампаніі, якія прадстаўляюць паслугі танных авіяпералётаў.

Пры гэтым Алесь Зарэмбюк вітае ўсе крокі беларускіх уладаў насустрач зняццю візавых бар’ераў. Таксама ён спадзяецца, што бязвізавы рух, хоць і абмежаваны, паспрыяе і вырашэнню пытання пра ўвядзенне малога памежнага руху, то бок спрошчаннага парадку перасячэння мяжы для жыхароў памежных тэрыторый.

grodna_aeraport

Гарадзенскі аэрапорт

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота s13.ru