Аляксандр Бяльчук распавёў пра ўмовы арыштнага дому ў Баранавічах



Уладальнік вялікай дапаможнай гаспадаркі з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна Аляксандр Бяльчук лічыць арыштны дом у Баранавічах грамадскім туалетам, дзе адбываюць свой тэрмін, як арыштанты, так і супрацоўнікі.

У камеры на 10 чалавек, дзе прасядзеў Аляксандр Бяльчук 2 месяцы, усё ў адным флаконе: умывальнік з прыбіральняй, сушылка з пральняй і сталовая:

– Дымавая завеса. Агульны туалет адразу ў камеры – збоку толькі агароджана – унітазу няма, дзірка проста. Бялізну пасціраеш, на вяроўку на вакно павесіш, троху чысцей – і ўсё.

Моцны вясковы мужчына страціў за 2 месяцы 11 кілаграм. За ўсё сваё жыццё не праглынуў больш дыму, чым у камеры за гэтыя месяцы.

Аляксандр Бяльчук не кінуў і надалей намеру бараніць сваё:

 – Сёння яму аддай трактар, заўтра – машыну, пасля хату, і канца не будзе, калі пачнеш усё аддаваць.

9 траўня 2014 года Аляксандр Бяльчук не дазволіў інспектару ДАІ капітану Сяргею Неліповічу канфіскаваць зроблены сваімі рукамі трактар. Капітан падаў у суд на Бяльчука нібы за збіццё. Збіцця ў судзе даказана не было. Тым не менш, уладальнік гаспадаркі атрымаў 3 месяцы арышту, адзін з якіх прасядзеў у СІЗА яшчэ мінулым годам.

Цалкам расповед пра арыштны дом – у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя