Аляксандр Бяльчук затрыманы



Аляксандр Бяльчук, адзін з герояў гісторыі са стралянінай пад Маларытай, так і не выйшаў да родных з будынку Упраўлення следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Берасцейскай вобласці. Папярэдне фермер паведамляў, што яго выклікаюць туды да следчага.

Каментуе ягоны бацька, 76-ці гадовы Іван Бяльчук, які суправаджаў сына:

– Сказалі, што затрымалі на трое сутак, а затым у панядзелак будуць вызначаць меру стрымання.

РР: Аляксандр у колькі туды зайшоў.

– У палове на трэцюю гадізну.

РР: І вы нанялі адваката.

– Так.

РР: Выклікалі Аляксандра праз нейкую позву, ці па тэлефоне?

– Па тэлефоне.

РР: А імя следчага вы таксама не ведаеце.

– Не ведаю.

img_20161021_174448

Іван Бяльчук

Таксама са словаў Івана Бельчука вядома, што ягонага сына мінімум да панядзелка накіравалі ў ІЧУ, якое месціцца ў Паўночным гарадку Берасця. Адразу пасля таго як сваякі даведаліся аб затрыманні пад варту, бацька фермера накіраваўся да праваабаронцаў.

Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які адсочвае сітуацыю:

– Спрабуем дапамагчы ў гэтай сітуацыі. Галоўнае, каб ён паводзіў сябе правільна. Перадусім, версія з боку супрацоўнікаў міліцыі выпрацавана – ім трэба пакараць. Залякаць насельніцтва гэтага сельсавета. Бельчукі павінны абараніцца. Трэба не забываць, што ўсё табой сказанае будзе выкарыстана супраць цябе. Такія выпадкі былі, мы хацелі б каб людзі, які апынуцца на допыце, ведалі, што ёсць 27-ы артыкул Канстытуцыі, які гарантуе ім права не сведчыць супраць сябе і супраць сваіх блізкіх.

img_20161021_165312

Уладзімір Вялічкін

Такім чынам, свабода абодвух братоў Бельчукоў, Аляксанда і Мікалая, зараз абмежавана. Калі першы знаходзіцца ў ІЧУ, то другі ў Берасцейскім СІЗА. На Аляксандра заведзена справа, звязаная з супрацівам і перашкодай дзеянням супрацоўнікаў міліцыі пад час выканання імі службовых абавязкаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.