Аляксандр Кабанаў асуджаны на 10 сутак



Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў з Бярозы асуджаны судом Бярозаўскага раёна на 10 сутак арышту за арганізацыю і правядзенне ў Берасці несанкцыянаванага мерапрыемства 5 сакавіка. Было бачна, што суддзя Наталля Мінчанка  моцна намагалася, каб падвесці факты да такога прысуду.

Пад увагу былі ўзяты толькі сведчанні берасцейскіх міліцыянтаў, якія былі супярэчлівымі. Не звернута ўвага суддзі Мінчанкі на юрыдычна бязграматна аформленыя пратаколы. Па словах адваката Кабанава Паўла Алесіка, па такіх пратаколах нельга пачынаць судовае паседжанне. Тым не менш, працэс прайшоў, у рашэнні суда ніхто з прысутных і сам Аляксандр Кабанаў не сумняваліся, кажа Аляксандр Кабанаў:

Асудзілі на 10 суткак. Атрымліваецца, што 25-26 сакавіка я буду сядзець.  І я не змагу прыняць удзел у маршы, які мы арганізоўваем у Бярозе. Была каманда па максімуму судзіць.

Аляксандра Кабанава забралі адразу ў зале суда міліцыянты. Каля  10 міліцыянтаў, уключаючы падпалкоўнікаў і маёраў, чакалі Кабанава ў калідоры суда яшчэ да пачатку працэса, 4 з іх увесь час знаходзіліся ў судовай зале, дзе слухалася справа. Першае паседжанне па гэтай справе адбылося 15 сакавіка. Суд перанёс слуханне на 21, задаволіўшы хадайніцтва Кабанава аб патрэбе абаронцы. Перад першым паседжаннем  Кабанава на суткі закрылі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Аляксандр Кабанаў будзе абскарджваць незаконнае рашэнне суда.

 

Беларускае Радыё Рацыя