Аляксандр Кабанаў выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту



Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў выйшаў на  волю пасля 10-суткавага арышту, які адбываў у ізалятары часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС.

У палове 7 вечара ён пакінуў будынак міліцыі. Ля міліцыі яго сустрэлі сябры і аднадумцы.

Была спроба вывезці Аляксандра  з міліцыі іншым кірункам. На што Кабанаў сказаў катэгарычнае “не”, лепш вярнуся ў камеру. А так усё было нармальна, кажа Аляксандр Кабанаў:

– Нічога адмысловага не здарылася. Зараз – дадому памыцца і пацалаваць каханую. Пакаранне суткамі, насамрэч, не перашкода, жаданне працаваць застаецца. Калі садзяць “на суткі”, значыць, усё робім правільна – гэта адзнака „выдатна” ўладаў нашай дзейнасці. На красавік і травень шмат запланавана, таму будзем працаваць.

Аляксандр Кабанаў за акцыю 5 лютага ў Берасці быў асуджаны на 5 сутак арышту, затым за акцыю 26 лютага – на 10. Увесь арышт адбыў у  ізалятары часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС. Абскардзіў абодва працэсы, так як не лічыць сябе вінаватым.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза