Аляксей Янукевіч нечакана даведаўся, што быў аштрафаваны



Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч нечакана даведаўся, што быў аштрафаваны судом Свіслацкага раёна Гарадзенскай вобласці за ўдзел ва ўшанаванні братоў Каліноўскіх у Свіслачы 30 кастрычніка 2016 года. Штраф па гэтым артыкуле Адміністрацыйнага кодэкса: за парушэнне парадку пікетавання, прысудзілі максімальны:1050 рублёў (50 базавых велічынь), што крыху больш 500 еўра.

Па словах Аляксея Янукевіча, пасля мерапрыемства яму і іншым удзельнікам пікета па пошце былі дасланыя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Позву ў суд ён атрымаў праз смс-паведамленне. Але не меў магчымасці патрапіць на разгляд справы ў прызначаную дату:

— Пасля гэтага не было ніякай інфармацыі. Я ўжо меркаваў, што напэўна гэты пратакол спусцілі на тармазах. Аднак цяпер мне прыйшоў заказны ліст ад судовых выканаўцаў, аб узбуджэнні выканаўчай справы па нясплаце штрафу, які мне прысудзіў Свіслацкі суд яшчэ 30 снежня мінулага года.

Такім чынам, — кажа Аляксей Янукевіч, — суд правялі без яго прысутнасці, вынікаў разгляду справы не паведамілі, судовай пастановы ці яе копіі не выслалі. Час на абскарджанне рашэння ўжо выйшаў. І зараз у тэрміновым парадку неабходна сплаціць штраф. Інакш судовыя выканаўцы пагражаюць прымусова спагнаць суму ў 1050 рублёў.

Аляксей Янукевіч мае намер пракансультавацца з адвакатамі, ці можна яшчэ абскардзіць рашэнне суда і тыя працэдурныя парушэнні, якія, па меркаванні палітыка, былі судом зробленыя.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя