Аляксея Маркевіча могуць звольніць, калі ён не прадставіць даведку з турмы



Сябра Рады Моладзі БНФ Аляксея Маркевіча спрабуюць звольніць з працы на Акцыянерным таварыстве „БудВектар”. Афіцыйная прычына – адсутнасць даведкі з СІЗА, што ён адбываў адміністрацыйны арышт, калі яго прэвентыўна затрымалі перад Днём Волі. Актывіст некалькі разоў спрабаваў узяць даведку пра тое, што тры дні ён знаходзіўся ў турме, але кожны раз яму адмаўлялі.

– Далі час да панядзелка. Я напісаў тлумачальную. Хацелі звольніць, таму што месяц заканчваецца – а даведкі з турмы няма. У турме начальнік з’ехаў за мяжу адпачываць. У панядзелак я яшчэ сядзеў і яны хочуць паставіць прагул, і калі паставяць прагул, то звольняць. Я буду старацца напісаць туды, каб мне выдалі даведку, і можа быць яны што-небудзь зробяць.

24 сакавіка пасля таго як Аляксей адмовіўся працаваць у суботу 25 сакавіка на працы яму пагражалі і паведамілі, што ім зацікавіліся супрацоўнікі КДБ. Калі актывіст вяртаўся з працы, то каля дома яго затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку і Аляксей да суда правёў трое сутак у СІЗА. У панядзелак суд прызнаў Аляксея Маркевіча вінаватым у тым, што той нібыта „лаяўся і размахваў рукамі” пры затрыманні і пакараў трыма суткамі арышту.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя