Анатоль Паўлаў: Ацэнка працы педагогаў – ніякая



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў распавядае пра заробкі педагогаў і тое, чаму апошнія незадаволены сваім становішчам.

Да 1-га лістапада ўрад унясе шэраг прапаноў па стымуляванні працы педагагічных работнікаў. Пра гэта паведаміла намесніца прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

На думку віцэ-прэм’ера, неабходна таксама разняволіць ініцыятыву педагогаў.

„Гэта магчымасць зарабляць з дапамогай пазабюджэтнай дзейнасці пры аказанні платных паслуг”, — лічыць яна.

Анатоль Паўлаў: Заробкі, як і ацэнка працы педагогаў, – ніякія. Памятаю, у свой час у Менгарвыканкаме быў вялікі сход кіраўнікоў прадпрыемстваў, прафкамаў… Я ўзначальваў гарадскі прафсаюз работнікаў адукацыі, папрасіў слова і сказаў: “Заробак – гэта не толькі спосаб аднаўлення чалавечых сіл, але і ацэнка значнасці таго ці іншага віда дзейнасці ў грамадстве”. З пункта гледжання развіцця любога грамадства галоўнае – здароўе і адукацыя нацыі. Але ж паглядзіце колькі атрымліваюць педагогі і медыкі? Па заробках яны – у падвале. Таму гэта праблема саспела і нават пераспела.    

РР: Можа быць, вырашылі такім чынам “кінуць костку” педагогам, з якіх у асноўным і фарміруюць участковыя камісіі падчас выбараў?

Анатоль Паўлаў: Такі момант ёсць, але не думаю, што ён вырашальны. І раней з малымі заробкамі настаўнікі і выкладчыкі сядзелі ў камісіях і ціха маўчалі. Тут ад іх нічога не залежыць.

РР: Калі ў педагогаў такія малыя заробкі, то чаму яны маўчаць? Усё задавальняе?

Анатоль Паўлаў: А чаму маўчыць цэлае грамадства? Дык чым педагог адрозніваецца ад грамадства? Акрамя таго, паглядзіце, што сёння педагогі – гэта ў асноўным жанчыны. Моладзь можа і не затрымліваецца, а куды падзецца настаўніцы, якая набліжаецца да пенсійнага ўзросту? Але, разумееце, праблема сучаснай адукацыйнай сістэмы не толькі ў заробках педагогаў, яна куды больш глыбокая. І гэтыя праблемы нават апазіцыя не хоча падымаць, хаця я і прапаноўваў гэта зрабіць. Усе кажуць пра свабоду, эканоміку… А хто робіць эканоміку? Адукаваны чалавек. А сёння, на жаль, маем тое, што маем. І ў адукацыі, і ў эканоміцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zavobraz.ucoz.ru