Анатоль Паўлаў: Міністр адукацыі не тыя пытанні падымае



“Практыка збору грошай з бацькоў для патрэбаў устаноў адукацыі – гэта ганьба”, – лічыць былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў.

1321_2

Міністр Міхаіл Жураўкоў лічыць нармальнай практыку збору грошай у школах. Ён, маўляў, таксама здаваў грошы на патрэбы гімназіі свайго сына – летась разам з іншымі бацькамі замяніў вокны ў класнай аўдыторыі. У мінулым і пазамінулым — удзельнічаў у пабелцы столі. Пра гэта Міхаіл Жураўкоў распавёў у эфіры праграмы «Тыдзень» на СТБ, паведамляе tut.by.

Паставілі пластыкавыя пакеты для таго, каб не было скразнякоў, і нашы дзеці не хварэлі. Я лічу, гэта цалкам нармальна. Мы вырашылі калегіяльна. У мінулым годзе і ў пазамінулым я прыходзіў, і мы бялілі столь, таксама ў класнай аўдыторыі. Нічога ў гэтым дрэннага не бачу. Гэта нармальна. Галоўнае, каб усё было па жаданні”, – заявіў Жураўкоў.

Анатоль Паўлаў: Збор грошай з бацькоў – гэта проста ганьба. Раней хоць саромеліся пра гэта публічна казаць, але зараз, відаць, іншыя часы. Усе грамадзяне, якія водзяць дзяцей у школы, плацяць падаткі ў дзяржаўны бюджэт, з якога і фінансуюцца школы. У тым ліку – і рамонт. Чаму абавязкі дзяржавы павінны на сябе перакладваць бацькі? І што значыцца – “па жаданні”? Калі дырэктар папросіць, то хто адмовіць? Дзеці ж у калектыве жывуць, ніхто не хоча выглядаць белай варонай. Атрымліваецца дабравольна-прымусовая сістэма. І людзі маўчаць, бо што яны ў гэтай сітуацыі зробяць.

РР: А чаму міністр адукацыі не грукне кулаком па стале і не запытае ў  вышэйшага у кіраўніцтва краіны: “Чаму на вялізнае фінансаванне сілавікоў, БРСМ ды будаўніцтва лядовых палацаў грошы знаходзяцца, а на вокны ў школах – не?” Замест гэтага ён распавядае, што “цалкам нармальна”, калі рамонтам займаюцца бацькі…

Анатоль Паўлаў: Ды таму што, як толькі ён гэта зробіць, то заўтра ўжо не будзе міністрам адукацыі. Хоць у нашым выпадку для людзей атрымліваецца двайное падаткаабкладанне. Вось я атрымоўваю невялікую пенсію, але ж мне ж ніхто дадаткова па добрай волі вокны ў кватэры не паставіць. Таму я ўкладваюся ў тую пенсію, якую маю. Зыходзячы з гэтага, разлічваю свой бюджэт. Самы просты спосаб – перакласці праблему на іншыя плечы. І зараз, калі міністр адукацыі публічна назваў такую практыку нармальнай, па-сутнасці гэтай ініцытыве афіцыйна далі зялёнае святло.

РР: Чаму дзяржава на самой справе вельмі слаба фінансуе адукацыю? Відавочна ж, што грошай не хапае тым жа школам…

Анатоль Паўлаў: Бо эканоміка такая. І адносіны да педагогаў такія. Адукацыя заўсёды цярпела, церпіць і, напэўна, цярпець будзе. Некалькі гадоў таму мне распавядалі знаёмыя з Міністэрства адукацыі, што на рамонт школаў практычна ніякіх грошай выдатакавана не было. Дык, спадар міністр, біце ў званы! Не тыя пытанні сёння падымаеце. Калі ў вас баліць душа за беларускую адукацыю, за дзетак, якія навучаюцца ў халодных класах, бо дзяржава знаходзіць фінансам іншае прымяненне, то змагайцеся. Агучвайце факты! Вось пра што трэба было сказаць Жураўкову ў эфіры СТБ, а не пра бацькоўскія грошы на вокны. Хоць мы ж бачым, што дзеці многіх высокіх чыноўнікаў вучацца нават не ў Беларусі, а за мяжой.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя