Анатоль Паўлаў: Шэрасць параджае шэрасць



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў распавёў пра тое, як улады ў чарговы раз узяліся за «ўдасканаленне» беларускай адукацыі.

Студэнты

Адбор абітурыентаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы неабходна ўдасканаліць, а навучанне зрабіць больш практыка-арыентаваным, заявіў днямі Лукашэнка. У прыватнасці, кіраўнік краіны застаўся не вельмі задаволеным сістэмай адбору ў ВНУ: «Мне здаецца, што мы тут нешта недапрацавалі… Тэставанне — гэта добрая рэч. Але мы не бачым чалавека, і тут трэба нешта прадпрымаць, што трэба рабіць, мы за зіму павінны падумаць».

Анатоль Паўлаў: Калі нехта думае, што за гэтым «удасканальваннем» стаяць нейкія рэформы вышэйшай адукацыі, той памыляецца. У свой час і праўда была сур’ёзная рэформа беларускай адукацыі – з праблемамі, з магчымымі памылкамі, з непрыняццем яе некаторымі педагогамі. Але яна ішла сем гадоў. Мы тады хацелі вышэйшую школу далучыць да Балонскага працэсу і падстройваліся пад сістэму адукацыі еўрапейскіх краін. Менавіта з-за гэтага тады з’явіліся бакалаўры, магістры і гэтак далей. Гэта была паступовая рэформа, рыхтаваліся новыя вучэбныя планы… А цяпер гэта ніякія не адукацыйныя рэформы, а чарговае перасоўванне туды-сюды.У нас сёння многія выпускнікі школ і ВНУ выходзяць абсалютна не адукаванымі.

РР: Вынік апошняга «ўдасканальвання» адукацыі?

Анатоль Паўлаў: Я ўвесь час казаў пра праблему, а на мяне за гэта тыкалі пальцам і казалі, якая цудоўная ў нас сістэма – тэставанне. Але, паўтаруся, дайшло да таго, што самі настаўнікі прыходзяць неадукаваныя і не могуць тэсты напісаць. Усё – кола замкнулася. Відаць, інфармацыя збіралася, збіралася і хлынула да Лукашэнкі. Але, каб на самай справе рэфармаваць адукацыю, трэба спачатку туды прыцягнуць нармальныя кадры. Бо нават тыя самародкі, якія і ў гэтай сістэме атрымліваюць веды, пераходзяць у іншыя сферы альбо з’язджаюць за мяжу. Застаецца шэрасць, якая і параджае шэрасць.

Трэба прыцягваць замежных спецылістаў, каб яны чыталі лекцыі, пасылаць сваіх на вучобу за мяжу. Здаецца, Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, але на гэтым усё і скончылася. І цяпер адукацыя знаходзіцца ў глыбокай яме, у тым ліку, і вышэйшая..

РР: Вы выступаеце супраць тэставання?

Анатоль Паўлаў: Ад тэстаў трэба было адыйсці даўно, гэта першапачаткова было глупствам. І, калі ў спрэчках некаторыя мне казалі, што гэта – добрая рэч, дык я ў адказ прапаноўваў дыпломную працу і дзяржаўныя экзамены пры заканчэнні ВНУ таксама замяніць тэстамі. Вось тут са мной катэгарычна не згаджаліся. Але ж куды тады знікла логіка тых, хто выступае за тэставанне? Дарэчы, тэсты ў свой час прыдумалі ў ЗША для школ, дзе навучаліся дзеці са слабым развіццём.

Калі я вучыўся, выкладчыкі давалі нам на 15 хвілін самастойныя работы, каб праверыць, як вучні засвоілі матэрыял. І такая практыка нармальная. Але ж не выкарыстоўваць тэсты для паступлення ў ВНУ. Хаця, я не ведаю, што яны там зараз прыдумаюць новае. Адно магу сказаць – тэставанне сябе не апраўдала. Мне неяк скардзіўся дэкан матэматычнага факультэта, што даводзіцца вучыць матэматыцы студэнтаў, якія да іх паступілі праз тэставанне. І такіх прыкладаў па любых спецыяльнасцях вельмі шмат.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя