Андрэй Дзмітрыеў: Улады рыхтуюць пакет паправак у дэкрэт „аб дармаедах”



Улады рыхтуюць пакет паправак у дэкрэт прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Пра гэта паведаміў сустаршыня кампаніі „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў пасля сустрэчы 6 сакавіка з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком.

Сустрэча намесніка кіраўніка ніжняй палаты парламента з сустаршынямі кампаніі „Гавары праўду” Андрэем Дзмітрыевым і Таццянай Караткевіч адбылася па ініцыятыве арганізацыі і доўжылася каля дзвюх гадзін.

„Мы яшчэ раз агучылі сваю пазіцыю: наступствы дэкрэта № 3 выпраўляюцца толькі адным крокам — адменай дакумента. Важна таксама, каб ніякіх санкцый да неплацельшчыкаў збору не ўжывалася. Інакш сітуацыя можа проста выбухнуць. Патрэбны дэкрэт аб стымуляванні самазанятасці ў рэгіёнах, які утрымліваў б сістэмныя меры па стварэнні рабочых месцаў. Цяпер патрабуюцца такія крокі, якія пакажуць беларускаму грамадству, што яго пачулі”, — паведаміў Дзмітрыеў.

„Што тычыцца дэкрэта, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў сказаў, што найбліжэйшым часам будзе вельмі вялікая порцыя паправак у яго. Улады выдатна разумеюць, што прымяненне да людзей санкцый за нявыплату збору — гэта вельмі небяспечны інструмент і што ён не можа ў сённяшняй сітуацыі ўжывацца”, — адзначыў палітык.

Паводле слоў Дзмітрыева, Пірштук паведаміў, што можа быць значна пашыраны пералік грамадзян, вызваленых ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. „Каля дзесяці катэгорый грамадзян наогул могуць быць выключаныя з ліку плацельшчыкаў збору”, — сказаў ён.

Таксама на сустрэчы размова ішла пра арганізацыю ў Палаце прадстаўнікоў паўнавартасных парламенцкіх слуханняў. У прыватнасці, „Гавары праўду” прапануе правесці іх з запрашэннем максімальна шырокага кола экспертаў і грамадскасці па такіх тэмах, як мясцовае самакіраванне, развіццё малога і сярэдняга бізнесу і рэфармаванне сістэмы адукацыі.

Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (цяпер 460 рублёў).

20 лютага скончыўся тэрмін выплаты збору. Неплацельшчыкам пагражае штраф або адміністрацыйны арышт да 15 сутак з прыцягненнем да грамадскіх прац. Паводле даных Міністэрства па падатках і зборах, на 21 лютага збор заплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах, абноўленых даных аб выплаце збору ў міністэрства няма, і найбліжэйшым часам яны запытвацца не будуць.

Першая масавая акцыя супраць дэкрэта № 3 — „Марш раззлаваных беларусаў” — прайшла ў Менску 17 лютага і сабрала каля трох тысяч чалавек. Пасля гэтага кожныя выхадныя акцыі праходзяць у рэгіёнах. Так, 5 сакавіка мітынг і шэсце супраць дэкрэта „аб дармаедах” прайшлі з удзелам каля 1.000 чалавек у Брэсце. Найбліжэйшым часам таксама запланаваныя новыя акцыі ў Маладзечне, Оршы і іншых гарадах, а таксама 15 сакавіка — у сталіцы.

БелаПАН