Андрэй Марач выйшаў на волю пасля 5 сутак арышту



Пасля пяці сутак арышту на свабоду выйшаў Андрэй Марач, якога звінавацілі ў “дробным хуліганстве”. Ён быў затрыманы 9 сакавіка каля Ленінскага РАУС Берасця, пасля таго як прынёс харчовую перадачу ў ізалятар часовага ўтрымання для сваіх паплечнікаў. Усе яны былі затрыманыя за “удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” – “Маршы – не дарамаедаў!”.

Аб ураджаннях кажа сам Андрэй:

– Цяжка было, бадай, першы вечар. Затым неяк адаптаваўся, уявіў, што ляжу ў бальніцы. У нядзелю абмежавалі гарачую ваду, сказалі, што нельга, нібыта з мэтаю бяспекі, каб не ашпарыліся. І сёння нешта з гарачай вадой была праблема.

РР: Ведаеце, што вашых паплечнікаў учора паўторна асудзілі?

– Так. Я чуў. На маю думку, гэта несправядлівасць.

З ліку берасцейцаў, па-ранейшаму за кратамі ў сувязі з акцыямі супраць дэкрэту “аб дармаедстве” знаходзяцца як мінімум чатыры чалавекі: Руслан Халікаў, Андрэй Дзенюшкін, Дзмітрый Ляўчук і журналіст Дзмітрый Гарбуноў. Нядаўна асуджанаму блогеру Сяргею Пятрухіну напярэдадні суду ўдалося з’ехаць за мяжу. Па-ранейшаму невядомы лёс Паліны Шарэнды-Панасюк, якую ад раніцы шукае муж, і Уладзіміра Асінчанкі, якому прысудзілі 7 сутак арышту.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара