Андрэй Пачобут: Прызнанне Пальчэўскага – мужны крок



Вядомы беларускі і польскі журналіст, былы палітычны зняволены Андрэй Пачобут распавёў, як трэба ставіцца да прызнання актывіста Сяргея Пальчэўскага.

Нагадаем, што днямі ў суполцы маладафронтаўцаў у  Фэйсбуку з’явіўся допіс ад імя актывіста Сяргея Пальчэўскага, які з’яўяецца фігурантам “справы патрыётаў” і не так даўно быў вызвалены з СІЗА. Пальчэўскага шантажавалі крымінальнай справай за ДТЗ, а таксама пагражалі апублікаваць падрабязнасці яго інтымнага жыцця.

 “Пад псеўданімам «Артур» я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы аб тым, што па вызваленні прызнаюся аб гэтым маім сябрам. І сёння я каюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за ўчыненае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права», — напісаў актывіст.

Андрэй Пачобут: Мяркую, вельмі добра, што Сяргей усё распавёў грамадскасці. Увогуле, усе тыя, хто ў той ці іншай сітуацыі (пад прымусам ці неяк яшчэ) падпісваў такія паперы аб супрацы з КДБ, павінны як мага хутчэй паведаміць пра тое, што ўзялі на сябе пэўныя абавязкі. А ўвогуле, тактыка сілавікоў вядома гадамі, яна, калі казаць пра дысідэнцкі рух, існуе вельмі даўно. Але наданне такім фактам галоснасці – адзіны сродак вырвацца з той пасткі, у якую чалавек патрапіў.

РР: Ці можа змяніцца стаўленне грамадства да тых ці іншых асобаў, якія распавялі пра свае дачыненні са спецслужбамі?

Андрэй Пачобут: Праблема прызнання – гэта вельмі мужны крок. Трэба разумець, што гэта пэўны ўдар па спецслужбах. Калі чалавек, якога яна быццам бы завербавалі, распавядае пра гэтам ўсім, гэта б’е па КДБ. І адначасова з’яўляецца прыкладам для астатніх, як трэба сябе паводзіць у такіх сітуацыях. А як чалавек патрапіў у гэтую сітуацыю – гэта ўжо зусім іншая гісторыя. І гэта, як мне падаецца, ужо адыходзіць на другі план. Увогуле, я разумею, як складана даводзіцца моладзевым актывістам. І калі малады чалавек, які яшчэ не вельмі дасведчаны жыццём, трапляе ў “мясарубку” спецслужбаў, яго можна толькі пашкадаваць. Можна выказаць толькі шкадаванне няшчаснай беларускай моладзі, якую закідваюць у гэтую “мясарубку” спецыялісты па ламанні чалавечых лёсаў. Таму, паўтаруся, Сяргей Пальчэўскі зрабіў усё правільна. Ён хоча заставацца шчырым чалавекам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя