Андрэй Палуда: Абураны сюжэтам на АНТ



Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда  звярнуўся з заяваў да міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч. Нагодай для звароту стаў сюжэт тэлеканала АНТ, у якім вядоўца назваў абвінавачанага забойцам яшчэ да вынясення прысуду. У прыватнасці, было сказана, што завершана расследванне справы забойства лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай, а злачынцу могуць прыгаварыць да выключнай меры пакарання. Такім чынам журналісты парушылі «прэзумцыю невінаватасці», – лічыць праваабаронца.

– Сродкі масавай інфармацыі паводзяць сябе дастаткова некарэктна, ігнаруючы прынцыпы, якія прадугледжаны ў тым ліку і законам аб СМІ. Калі я праглядзеў сюжэт, які быў паказаны на АНТ, які быў звязаны з падзеямі аб заканчэнні расследвання гэтай справы, я звярнуў увагу, што супрацоўнікі  тэлеканалу самі без суда вырашылі, што гэты чалавек вінаваты, таму будзе вынесена выключная мера пакарання. Зразумела, што был вымушаны адрэагаваць на гэтую сітуацыю. Паглядзім, які будзе адказ міністра інфармацыі, што адкажа АНТ.

Андрэй Палуда нагадвае Ліліі Ананіч, што “прэзумпцыя невінаватасці” – фундаментальны прынцып, гарантаваны артыкулам 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Падобныя сюжэты, як зрабіў тэлеканал АНТ, уплываюць на фармаванне грамадскай думкі, а таксама могуць паўплываць на рашэнне суддзі, – не выключае праваабаронца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя