Андрэй Палуда: На фестывалі “AD.NAK!” быў адзначаны наш праект „Апошні золак”



Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “AD.NAK!” у Менску назваў пераможцаў у розных намінацыях і стаў адной з самых яскравых падзеяў лета. Другое месца ў намінацыі “Грамадсказначныя праекты. Беларускаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект” заняў праект кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” і музычнага партала Tuzin.fm. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.

– Мы ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» падалі сваю медыя прадукцыю на конкурс фестывалю беларускамоўнай рэкламы “AD.NAK!” Гэта “Апошні золак” – вядомы музычны праект, які мы, праваабарончы цэнтр “Вясна”, у межах кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” рабілі ў Беларусі разам з праектам “Тузін гітоў”. Таксама гэта вядомы гурт “Прадмова” з Магілёва.

Медыя-праект “Рэп супраць смяротнага пакарання” гурта “Прадмова” заняў трэцяе месца ў намінацыі “Сацыяльная рэклама. Конкурс нерэалізаваных праектаў”. Усяго на намінацыі і конкурсы фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “AD.NAK!” было пададзена больш за 200 работ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя