Андрэй Палуда: Смяротны канвеер рухаецца далей



Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда пракаментаваў першы вынесены смяротны прысуд у Беларусі ў гэтым годзе.

Андрэй Палуда: Як бачым, улады працягваюць на камеры рабіць заявы пра тое, што неабходна дыскусія на тэму ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, а ў рэальнасці дзяржава працягвае забіваць людзей. І гэта ўжо аніякае не адкрыццё. Нічога ў лепшы бок не зрушылася. У снежні ў Менску праходзіла міжнародная канферэнцыя па праблеме смяротнага пакарання на фоне таго, што ў адзін дзень у Беларусі былі прыведзены ў выкананне адразу тры смяротныя прысуды. Амаль адразу ж пасля канферэнцыі быў вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд – 28 снежня. Зараз – яшчэ адна такая ж справа. То бок, сёння ў калідорах смерці знаходзяцца два чалавекі, у якіх смяротныя прысуды ўжо ўступілі ў законную моц і могуць быць выкананыя ў любы час.

РР: Але было некалькі нядаўніх спраў, калі пракурор патрабаваў вышэйшай меры пакарання, а суд вынес пажыццёвае пакаранне…

Андрэй Палуда: Так, гэта было для нас пэўны час індыкатарам спадзяванняў, але цяпер бачна, што смяротны канвеер рухаецца далей.

РР: Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў быццам бы збіраліся правесці слуханні па смяротнаму пакаранню. Што чуваць з гэтай нагоды?

Андрэй Палуда: Я асабіста даслаў кожнаму дэпутату ад імя нашай кампаніі даследванні па смяротнаму пакаранню. Ад некаторых прыходзілі адказы, мяне запэўнівалі, што гэтае пытанне будзе разглядацца, хутчэй за ўсё, пройдуць і парламенцкія слуханні. Пра гэта нашы нардэпы нават заявілі ў ПАСЕ. Але мяне больш за ўсё турбуе, што мы шмат вядзем такіх размоў, а ўсё застаецца на адным і тым жа месца. Пацяпленні ёсць толькі ў абяцанках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя