Андрэй Шасцяракоў: Улада не мае жадання рэфармаваць заканадаўства



 

У Гародні адбылася сустрэча старшыні савета прадпрымальнікаў рынка «Паўднёвы» Андрэя Шасцяракова з прадстаўнікамі дробнага бізнесу. На сустрэчы абмяркоўваліся вынікі паседжання грамадска–кансультатыўнага савета пры Міністэрстве эканомікі. Адсутнасць паразумення паміж уладай і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з’яўляецца галоўнай прычынай таго, што 90% дробных бізнесоўцаў горада над Нёманам засталіся без працы.

Як зазначыў Андрэй Шасцяракоў, улада не мае жадання рэфармаваць заканадаўства, у сувязі з чым ніякіх дамоўленасцей не дасягнута:

— Гэты працэс можа зацягнуцца, бо ён патрабуе ўнясення зменаў у падзаконныя акты, у КААП, — вельмі шмат зменаў будзе ўнесена, але для гэтага патрэбны час, і працяглы час. Хутка не атрымаецца. Таму была прапанова: няхай людзі выходзяць і працуюць: не чапайце іх, а мы будзем дамаўляцца да ўпора, але ўрэшце рэшт дойдзем да нейкага кансенсусу, нейкага агульнага меркавання. Але яны, на жаль, ня хочуць.

 На сходзе прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынку “Паўднёвы”, не выказалі жадання праводзіць пратэстных акцыяў з мэтай змянення заканадаўства, якое патрабуе абавязковай сертыфікацыі тавараў. Дробныя бізнесоўцы Гародні спадзяюцца, што ўлада пачуе прапановы і пойдзе на саступкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня