Андрэя Дзенюшкіна не вызвалілі з берасцейскага ІЧУ



Паплечнікі так і не дачакаліся вызвалення Андрэя Дзенюшкіна з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця. Андрэй, па дадзеных праваабаронцаў, мусіў выйсці ў 15:50 пасля 5-суткавага арышту за ўдзел у маршы супраць дэкрэту “аб дармаедстве”.

Каментуе ягоная нявеста Аляксандра:

– Сказалі, што ён зноў будзе затрыманы і зноў яго будуць судзіць – у панядзелак. Маму пусцілі і сказалі, што ён нешта зрабіў. Сказалі, што 15.52 адны дзверы адчыніліся, а другія не. За што яго зноў будуць судзіць, што ён зрабіў – ніхто не ведае. 

Цягам некалькіх гадзін журналісты і праваабаронцы чакалі ля ўваходу ў ІЧУ. У адказ – супрацоўнікі міліцыі выставілі ачапленне ля ўваходу”. Праваабаронца Уладзімір Вялічкін зазначыў, што сутыкаўся з гэткім супрацьдзеяннем яшчэ ў 2006 годзе:

– Гэта адзін са спосабаў адхіліць іх ад грамадскай дзейнасці.

РР: Як думаеце, які можа быць артыкул інкрымінаваны?

– Дробнае хуліганства. Больш тут нічога не прыдумаеш. І у мяне смутныя падазрэнні, што там дзядуля заходзіў як раз у 15.52.

Ці выпусцяць на волю яшчэ дзвух асуджаных удзельнікаў марша супраць дэкрэту “аб дармаедстве” Руслана Халікава і Дзмітрыя Ляўчука – невядома. Па дадзеных праваабаронцаў, яны мусяць выйсці на волю ў 20:25 і 22:15 адпаведна.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара