Апошні званок у польскай грамадскай школе



У Гародні скончыўся навучальны год у польскай грамадскай школе, што дзейнічае пры непрызнаным беларускімі ўладамі Саюзе палякаў. Апошні званок празвінеў для пяцісот васьмідзесяці васьмі вучняў, з якіх каля ста — выпускнікі навучальнай установы. У параўнанні з мінулым годам колькасць вучняў у польскай грамадскай школе павялічылася, што паводле дырэктара ўстановы Алены Дубоўскай з’яўляецца паказчыкам зацікаўленасці вывучэннем польскай мовы жыхарамі горада над Нёманам:

— Школа карыстаецца папулярнасцю ў моладзі: яны вельмі шмат прыводзяць сяброў і сябровак. Ім тут, у нас, падабаецца. Мы абмежаваныя месцам: у нас толькі чатыры невялікія залы і адна большая для сустрэчаў ці нейкіх урачыстасцяў. Мы не можам змясціць большай за актуальную колькасці вучняў. 

Як паказвае шматгадовая практыка, абсалютная большасць выпускнікоў польскай грамадскай школы паспяхова паступаюць ва ўніверсітэты Рэспублікі Польшча. Студэнты польскага паходжання атрымліваюць стыпендыю польскага ўрада, памер якой складае прыкладна 1000 злотых.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня