Арнітолагі з Гародні запрашаюць паглядзець на “Птушку 2017 года”



Сябры гарадзенскага таварыства “Ахова Птушак Бацькаўшчыны” цягам студзеня 2017 года запрашаюць на незвычайныя экскурсіі – знаёмства з „Птушкай году -2017″.

ptuszki9

Гэтай птушкай з’яўляецца невялічкі жаўрук, які занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі – жаўрук–смяцюх. У чым адметнасць такой птушкі падчас невялікай вандроўкі па Гарадзенскім раёне адзначыў арнітолаг Зміцер Вінчэўскі, рэдактар сайту “Птушкі Штодня”:

– Птушка – патрыётка, таму што не адлятае на зіму, а застаецца не тое што з намі, а побач з намі. І моцна залежыць ад нашай дзейнасці, асабліва ад вядзення сельскай гаспадаркі. Гэтая птушка гняздуе на зямлі і ў такіх месцах, якія людзям хутчэй за ўсё не патрэбныя.

Сябра рады Гарадзенскай арганізацыі “Ахова Птушак Бацькаўшчыны” Віталь Гуменны лічыць, што асноўным ворагам доя жаўрука-смецюха з’яўляецца чалавек і яго дзейнасць.

– Для яго вельмі важная чысціня, ён вельмі шмат харчуецца расліннымі рэшткамі, і ў гэтым сэнсе ёсць адзін момант – калі мы поле паліваем вялікай колькасцю хіміі, то ў раслінах будзе шмат хімічных элементаў. І гэта вельмі шкодна.

Па словах назіральнікаў за птушкамі, у зімовы перыяд можна пабачыць  шмат даволі рэдкіх відаў птушак і для гэтага не абавязкова ездзіць далёка за горад.  Падчас акцыі „Птушкі на кармушцы”, што адбудзецца ўжо ў бліжэйшыя выхадныя,  можна будзе і ў горадзе ўбачыць даволі цікавых і рэдкіх птушак.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня