Бабруйскага рабаўніка будуць судзіць



Кастрычніцкім раённым аддзелам Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы пра разбойны напад на краму ў вёсцы Лясец Калінкавіцкага раёна. Справа перададзена для разгляду ў суд.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, 29 кастрычніка 2015 года незадоўга да заканчэння працы крамы ў гандлёвую залу зайшоў мужчына ў чорнай шапцы з прарэзамі для вачэй. Зламыснік зрабіў некалькі стрэлаў з пісталета ў кірунку загадчыцы крамы і прадаўца і запатрабаваў грошы. Прадавец выбегла на вуліцу. Зламыснік, баючыся прыезду супрацоўнікаў міліцыі, пакінуў краму і пабег па абочыне аўтадарогі ў напрамку Бабруйска. Выручка крамы ў памеры 9 млн. рублёў засталася ў касе.

Праваахоўнікі на працягу тыдня ўстанавілі і затрымалі асоб, якія маюць дачыненне да ўчынення злачынства.

Разбой учынілі раней судзімы ураджэнец Магілёўскай вобласці 1991 года нараджэння і жыхар Бабруйска 1986 года нараджэння. Непасрэдна ў памяшканне магазіна пранікнуў 24-гадовы зламыснік. Другі абвінавачваны з мэтай хуткіх уцёкаў з месца злачынства чакаў яго на трасе ў аўтамабілі.

У якасці прылады злачынства выкарыстоўваўся газавы пісталет Reck, выкрадзены зламыснікамі разам з грашыма з дома ў вёсцы Шкава Акцябрскага раёна за два дні да разбою.

Паводле заключэння судова-медыцынскай экспертызы, загадчыцы крамы прычынены лёгкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе ранак на твары і кісці.

У ходзе расследавання разбойнага нападу на краму была ўстаноўлена датычнасць абвінавачваных да выкрадання грошай і ноўтбука з домаўладання ў Бабруйску.

На падставе сабраных па справе доказаў дзеянні абвінавачваных кваліфікаваныя следствам па ч. 2 арт. 205 КК (крадзеж, учынены групай асоб), ч. 2 арт. 207 КК (разбой, учынены групай асоб). Раней судзімаму ураджэнцу Магілёўскай вобласці таксама выстаўлена абвінавачанне па арт. 422 КК (ухіленне ад прэвентыўнага нагляду).

belapan.by