Бамжатнік непадалёк Нацыянальнай бібліятэкі



Днямі адключылі газ і ацяпленне ў двух з пяці двухпавярховых “хрушчовак”, якія знаходзяцца на вуліцах Авангардная і Філімонава ў Менску.

Пабудаваныя яны ў 1955 годзе, у кожнай па 40 кватэр. З трох астатніх дамоў людзей выселілі яшчэ год таму. Жылі там пераважна вартаўнікі, што працуюць у цяперашнім ЖЭС-2, які і абслугоўвае тэрыторыю. Большасць вартаўнікоў звольніліся, бо іншагароднія, і не атрымалі кватэраў узамен. Аднак, на іх месца, ўзламаўшы закалочаныя вокны і дзверы, прыйшлі бамжы і наркаманы.

IMG_0775

IMG_0782 Дзе закалочаныя крыж-накрыж вокны, дзе выбітыя шыбы і дзверы. А вось і яўныя сляды нядаўняга пажару.

IMG_0787

Знаёмлюся з брыгадзіркай вартаўнікоў Аленай, што працуе тут 17 гадоў. Прозвішча не называе, бо начальства забараніла размовы з прэсай. Але і сіл цярпець, маўляў, няма.

Алена: У верасні пачалі ўсіх высяляць, у кастрычніку закончылі. Жылі звычайныя сем’і – у каго 2 у каго 3-4 чалавекі. Бытавыя ўмовы, на цывілізаваны капыл, жахлівыя: прыбіральня на вуліцы, у куханьцы удвох ледзь за сталом памесцяцца, у пакойчыку ледзь улегчыся. Але людзі былі рады і гэтаму: не на вуліцы ж. Трубы замянялі, клумбы з кветкамі парабілі. У асноўным, хто побач працаваў у вартаўніках, і жылі. Каму пашанцавала, атрымалі іншы інтэрнат, палова звольніліся, пара-тройка чалавек здымаюць кватэру, бо спадзяюцца на абяцанкі ЖЭС даць пакой у снежні.

РР: А бамжы адразу павалілі, як жыхары з’ехалі?

Алена: Вядома! Дзверы павыбівалі драўляныя. Нават краты металічныя пазрывалі! А смецце, што ад іх — на нашы плечы. Тэрыторыя жэсаўская, дамы стаяць не знесеныя. Вытурылі ўсіх, як бамжоў, — бамжы і прыйшлі…

Гутару з жыхарамі навакольных дамоў.

— Тутэйшыя бамжы з перыферыі: з Менскага раёна, Гомельскай вобласці. У калгасах грошай няма, а гной прыбіраць за 500-600 тысяч радасці мала. А тут бутэлькі ці метал недзе “паднялі”, у каго штосьці скралі – ежы, пойла накупілі і спаць заваліліся. А як будуць зносіць, дык трэба ўсё дакладна абысці, бо могуць валяцца “абдубашаныя” ад наркаты альбо, не дай божа, і труп знойдзецца. Сацыяльная памыйніца ля бібліятэкі, дзе Лукашэнка з прэзідэнтамі сустракаецца!

Міхаіл Міхліс, адзін з жыхароў:

925 квадратных метраў жылой плошчы ў кожным доме і такіх дамоў 5, па 200 кватэраў у кожным — уявіце колькі людзей жыла! А цяпер, бамжатнік, клапоўнік у пажаранебяспечным раёне, амаль у цэнтры. Вінаватыя ў гэтым выключна раённыя ўлады!

Супрацоўніца ЖЭС-2 Партызанскага раёна сталіцы, якая адмовілася прадставіцца, паведаміла, што ў “аглядным часе” зносіць дамы на вуліцах Авангардная і Філімонава не плануецца. Таму «ландшафт» не зменіцца, і бамжы ды наркаманы і надалей могуць спаць спакойна.

 

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара