Батлейка для маленькіх берасцейцаў



На “Мова Нанова дзеткам» маленькім берасцейцам і іх бацькам паказалі лялечны спектакль – батлейку. Адметна, што імпрэзу рыхтавалі не прафесіяналы, а звычайныя дарослыя і дзеці.

Падрабязней пра тое, што з гэтага выйшла, распавядае Аляксандра Грынь, якая прымала ўдзел у паказе спектакля:

— Найбольш складана было шукаць беларускія тэксты, бо мы ўсё ж такі не спецыялісты і трэба было перагарнуць мноства літаратуры, каб знайсці той тэкст, які б нас задавальняў. Бо ў нас даволі спецыфічная аўдыторыя, якой традыцыйны калядны сюжэт можа быць незнаёмы, яны незнаёмыя з батлейкай плюс розная ўзроставая аўдыторыя. І вось выйшла такая кампіляцыя: магчыма не зусім правільная з гледзішча традыцыі, але мы зрабілі так, каб нам і нашым дзецям было цікава і весела.

Батлейка – традыцыйны, але часткова забыты, від тэатральнага прадстаўлення на біблейскі сюжэт, які вядомы з XVI стагоддзя. Назва “батлейка” паходзіць ад горада Бэтлеем – месца нараджэння Хрыста. «З часоў аднаўлення беларускай незалежнасці энтузіясты пачалі спробы аднаўлення гэтага мастацтва. Гэтым разам батлейка нарэшце з’явілася і ў Берасці,» — адзначылі арганізатары.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: Алеся Лугавая