Бацьку і сыну Чарнавусам прысудзілі штрафы



Баранавіцкія актывісты Мікалай Чарнавус-старэйшы і Мікалай Чарнавус-малодшы пакараны штрафамі за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Суддзя Аксана Копач прысудзіла старэйшаму Чарнавусу штраф 690 рублёў, а малодшаму — 575 рублёў.

Суддзя прыняла да ўвагі толькі сведчанні міліцыянтаў. Яны сцвярджалі, што гэта не быў збор подпісаў, а быў пікет, кажа Мікола Чарнавус (старэйшы):

– Вось гэта быў “правільны” суд, не выходзячы ў дарадчы пакой, ужо ўсё падрыхтавана, усё зачытала і ўсё, вось так кожны суд трэба. Не, пойдуць, зацягваюць, усё ж падрыхтавана. Не, хочуць паказаць, што яны працуюць. Дзень забілі, навошта гэта было?

Прысутныя на судзе сябры, аднадумцы і праваабаронцы адзінагалосна асудзілі незаконнае рашэнне суддзі Аксаны Копач:

– Суддзі не выконваюць сваю функцыю, выконваюць загады акупацыйнага рэжыму, які зараз у Беларусі.

– Дыкрэт прыпынены, яго адменяць. Потым усе будуць смяяцца, за што судзілі? Не за што судзілі.

– Яны робяць сваю працу не паводле закону, не паводле Канстытуцыі, а тую, якую патэлефанавалі, сказалі, загадалі.

Паводле Міколы Чарнавуса (старэйшага) рашэнне суда па справе збору подпісаў каля падатковай інспекцыі будзе абскарджана. Як будзе абскарджана незаконнае падаўжэнне на двое сутак арышту Міколы Чарнавуса (малодшага).

Масавай акцыяй суддзя палічыла збор і падачу подпісаў супраць „дэкрэту аб дармаедстве” ў падатковую інспекцыю Баранавічаў 6-га лютага.

На судовае пасяджэнне Чарнавуса-малодшага  даставілі з ізалятара, дзе ён  адбывае 12 сутак арышту за ўдзел у „Маршы недармаедаў” у Баранавічах 26 лютага. Пасля суда яго вярнулі ў ізалятар.

Беларускае Радыё Рацыя