„Бацюшку са свастыкай” вінавацяць у захоўванні зброі



Упраўленнем Следчага камітэта па Менску распачата крымінальная справа ў дачыненні да Канстанціна Бурыкіна па ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў), паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі Юлія Ганчарова.

15-08_dematyvatar

Падазроны быў затрыманы супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

„Следчыя аналізуюць iншыя матэрыялы, якія паступілі з Міністэрства ўнутраных спраў у дачыненні да Канстанціна Бурыкіна. Да падазронага прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Праводзяцца следчыя дзеянні”, — сказала Ганчарова.

Канстанцін Бурыкін — настаяцель прыхода храма Святога Духа ў пасёлку Гатава ў Менскім раёне. „На час узяцця пад варту да суда ён пазбаўлены сану і паўнамоцтваў, яму забаронена праводзіць службы”, — паведаміў БелаПАН старшыня сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Сергій Лепін. „Ніякай іншай інфармацыі ў нас пакуль няма”, — дадаў ён.

gi-4888-23069-big-dueic

Бурыкін вядомы тым, што ў 90-х гадах уваходзіў у неанацысцкай арганізацыю „Рускае нацыянальнае адзінства”, мае на целе нацысцкія татуіроўкі.

Паводле інфармацыі газеты „Наша ніва”, затрыманне адбылося 18 лістапада, калі Бурыкін вярнуўся з ЗША, дзе знаходзіўся ў якасці першага намесніка старшыні Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу.

МУС інфармацыю аб затрыманні святара пакуль не каментуе.