БАЖ патрабуе разбіральніцтва з нагоды затрымання калег



«Журналісты не ізюм» — пад такім лозунгам у Менску прайшла канферэнцыя БАЖ.

Беларуская асацыяцыя журналістаў збіраецца бараніць правы сваіх сяброў усімі магчымымі шляхамі, запэўніла кіраўніцтва аб’яднання. Прадстаўніца «Белсата» Святлана Калінкіна адзначыла, што пачалося паляванне на журналістаў, асабліва на тых, хто здымае, хто транслюе падзеі ў жывым эфіры.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец прывёў лічбы: у 2016 годзе было ўсяго 13 затрыманняў, а за сакавік 2017 года — ужо ў два разы больш.

 Толькі за адзін дзень 12 сакавіка гэтая лічба была перавышана ў два разы. І на гэтым справа не скончылася. Мы бачым, што на мінулых выходных быў працяг. Было складзена яшчэ 11 пратаколаў па выніках затрымання. Нашы калегі былі вымушаны правесці суткі ў ізалятары часовага ўтрымання, двое атрымалі па 15 сутак арышту, штрафы.

Сёння ў Гомелі адбываецца суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай. У Кобрыні таксама склалі пратаколы на двух журналістаў — Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву.

«Амаль год не было адміністрацыйных спраў паводле артыкулу 22.9 — праца журналіста без акрэдытацыі. Цяпер гэты артыкул зноў актыўна выкарыстоўваць супраць фрылансераў», — заўважыў Андрэй Бастунец.

Беларускае Радыё Рацыя