„Беларусь 1” паказала зварот Зянона Пазьняка



Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк, які знаходзіцца ў эміграцыі з 1996 года,  папярэдзіў пра магчымыя правакацыі на акцыі апазіцыі 25 сакавіка, у Дзень Волі. Прычым, мяркуючы па яго словах, гаворка ідзе пра правакацыі не з боку ўладаў, а з боку апазіцыянераў, у тым ліку і арганізатараў такіх мерапрыемстваў.

Запіс заявы аднаго з самых вядомых беларускіх апазіцыянераў была паказаная ў праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1” увечары 12 сакавіка. Гэта быў сюжэт, дзе госці студыі абмяркоўвалі некалькі дзён таму паказаны спецыяльны рэпартаж „Званок сябру” — пра сувязі цяперашніх лідараў беларускай апазіцыі з украінскімі спонсарамі, механізмы арганізацыі пратэстаў „недармаедаў” і г.д. Галоўны герой рэпартажу — Мікалай Статкевіч.

„Гэтыя людзі пастаянна займаліся правакацыямі. Апошняя, самая страшная, правакацыя была ў 2010 годзе”, — сказаў Зянон Пазняк.

Нагадаем, 19 снежня 2010 года некалькі соцень чалавек у Менску былі затрыманыя пасля маштабнай акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, калі некаторыя мітынгоўцы беспаспяхова спрабавалі штурмаваць Дом урада.

belapan.by