Беларусь на 50-ым месцы ў свеце па кошту арэнды кватэр



А па іпатэцы горш за Беларусь толькі Гана. Гэта вынікае з рэйтынгу, складзенага блогам Movoto, які прысвечаны тэме нерухомасці.

Аўтары рэйтынгу падлічылі, які прыкладна працэнт сярэдняга месячнага даходу неабходна штомесяц плаціць жыхару кожнай краіны, які ўзяў іпатэчны крэдыт. Паводле інфармацыі аўтараў рэйтынгу, для нашай краіны гэты паказчык роўны 721%.

Дзеля справядлівасці скажам, што ў пералік ўвайшлі не ўсе дзяржавы, якія існуюць на зямным шары, а толькі 102. Сярод белых плям – вялікая частка Афрыкі, поўнач Паўднёвай Амерыкі.

З іншага боку, магчыма, дзесьці механізму іпатэкі ў прынцыпе яшчэ не існуе.

Па дадзеных рэйтынгу, недалёка ад нас пайшла Украіна з 612%. Паказчык Расеі – 193%. У Прыбалтыцы лічбы нашмат сціплей: Літва – 84%, Латвія – 72,7%, Эстонія – 71%.

Самымі ж даступнымі іпатэчнымі краінамі сталі Сірыя (20%), ЗША (25%) і Аман (28%).

Акрамя індэкса іпатэкі, аўтары даследавання падлічылі і індэкс арэнды краін свету. За 100% яны ўзялі суму, якая патрабуецца для здыму кватэры ў Нью-Ёрку.

У Беларусі тут цалкам прыстойнае 50-ае месца амаль роўна ў сярэдзіне – 13,25% ад нью-ёркскага кошта. Побач з намі па гэтым паказчыку – Кіпр, Перу, Польшча, Чылі, Эстонія і ПАР. Трохі танней можна зняць кватэру ва Украіне (9,5%), Літве (12,5%) і Латвіі (12,7%). У Расеі гэта ў сярэднім абыдзецца ў 17,1%.

Даражэй за ўсё з краін пераліку аказалася зняць кватэру ў Гонг-Конгу (83%), Катары (75%) і Сінгапуры (74%).