Беларусь шукае сродкі на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя



Беларусь правядзе перамовы з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (Сусветны банк) аб пазыцы на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя. Гэта прадугледжана ўказам № 375 ад 19 кастрычніка 2016 года, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Указам адобраны праект пагаднення аб пазыцы (праект „Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”) паміж Беларуссю і МБРР у якасці асновы для правядзення перагавораў.

На сайце Міністэрства аховы здароўя ўказана, што праект уключае наступныя кампаненты: стварэнне электроннай аховы здароўя і ўкараненне сістэмы падтрымкі клінічных рашэнняў на аснове інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) для кіравання якасцю; павышэнне ўзроўню клінічных кампетэнцый работнікаў аховы здароўя па вядзенні неінфекцыйных захворванняў; мадэрнізацыя сістэмы аказання неанатальнай дапамогі ў РНПЦ „Маці і Дзіця”; кіраванне, маніторынг і ацэнка праекта.

Нагадаем, Беларусь разлічвае на падрыхтоўку новай стратэгіі партнёрства з Сусветным банкам да 2017 года. Стратэгія партнёрства Сусветнага банка і Беларусі, якая набыла моц у 2013 годзе, падыходзіць да завяршэння. На момант яе запуску аб’ём актыўных праектаў складаў 377 млн даляраў, на сёння гэтая сума вырасла да 998 млн долараў.

Беларусь з’яўляецца членам Сусветнага банка з 1992 года.

belapan.by