Беларусакамоўную групу расфармавалі – бо выхавацелька сыйшла на пенсію



У Гомелі беларускамоўная група ў дзіцячым садку закрылася, не паспеўшы пачаць працаваць. Гомельскі гарвыканкам паабяцаў адкрыць дзве дадатковыя беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках №47 і №160. Аднак, як распавёў сябра гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Яўген Якавенка, у садку №47 беларускамоўнай групы ўжо не будзе.

– Мы былі ў гэтым садку, і высветлілася, што выхавацелька ў 47-ым садку сыйшла на пенсію. І беларускамоўная група, па сутнасці не паспеўшы папрацаваць, была расфармаваная па іншых групах. Гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што групы ствараюцца там, дзе ёсць адпаведны спецыяліст. Няма яго – то і няма групы.

Гомельскі гарвыканкам паведаміў, што ў 2016-2017 навучальным годзе плануецца адкрыццё яшчэ адной беларускамоўнай групы, толькі пры наяўнасці ахвочых у колькасці не менш за 15 чалавек.

* * *

Каля 30% дзіцячых садкоў Гомеля не маюць выхавацеляў, якія валодаюць беларускай мовай. Пра гэта даведаліся сябры Таварыста беларускай мовы з адказаў адміністрацыяў дашкольных установаў. Гомельская філія звярнулася ў 120 дзіцячых садкоў з пытаннямі наконт магчымасці арганізацыі беларускамоўнай групы. І адно з пытанняў, гаворыць старшыня філіі Алеся Аўласевіч, датычыла таго, ці маюцца ў садку выхавацелі, якія змогуць выкладаць па-беларуску.

– Спачатку мы пісалі да Міністэрства адукацыі. Яны звычайна адпісваюць вельмі агульнымі фразамі, кшталту – так, у Канстытуцыі ёсць дзве мовы. На практыцы сітуацыя зусім іншая. Тое, што адбываецца ў чыноўніцкім кабінеце, тое, што адбываецца ў школе, ці ў дзіцячым садку, – гэта зусім іншыя сусветы. Мы маем адказы, што няма сёння беларускамоўных выкладчыкаў, то бок пытанне ўжо далей ідзе – да ўніверсітэтаў, да коледжаў, якія выпускаюць такіх прафесіяналаў.

У Гомелі каля 500 груп навучэнцаў дзіцячых садкоў. З іх – толькі адна беларускамоўная.

Беларускае Радыё Рацыя