«За малы памежны рух» — акцыі з абодвух бакоў мяжы (абноўлена)



Прадстаўнікі Беларускага Дома ў Варшаве і “Грамадзянскай Гарадзеншчыны” агітуюць за ўвядзенне малога памежнага руху паміж Беларуссю і Польшчай, які 6 гадоў таму заблакаваў афіцыйны Менск.

2016-06-20_zavalnia_mpr_fota (17)

Сустаршыня Беларускага Дома Уладзімір Кобец зазначае, што гэта толькі крок для бязвізавага рэжыму для ўсіх грамадзянаў Беларусі:

– Малы памежны рух – гэта добрая справа для 1 млн 200 тыс чалавек памежжа. Таму мы хочам, каб запрацавала хаця б тое, што было падпісана і фактычна можа пачаць дзейнічаць ужо літаральна заўтра. Але галоўная мэта – увогуле адмяніць абразлівы для нармальнага чалавека візавы рэжым. Так сталася, што Беларусь, пасля таго як Украіна пазбавіцца сёлета візавага рэжыму, застанецца адзінай еўрапейскай краінай, якая будзе мець візавы рэжым з астатняй Еўропай.

Таксама Уладзімір Кобец дадаў, што скасаваўшы візы, Еўрапейскі Звяз мог бы моцна дапамагчы грамадзянам Беларусі:

– Брусэль  быў проста абавязаны ўжо даўно ў аднабаковым парадку скасаваць візавы для беларускіх грамадзян. Гэта дало б шанец беларусам адчуць сябе годна, адчуць сябе еўрапейцамі. І адчуць сваю прыналежнасць да Еўропы, а не жыць за гэтым плотам, які пабудаваны штучна з-за рэжыму, што існуе ў Беларусі, і з-за адносін брусэльскіх чыноўнікаў і бюракратаў.

Уладзімір Кобец таксама дадаў, што ўлады ў Беларусі абсалютна ніяк не парупіліся, каб візавы рэжым з краінамі прасторы Шэнген быў хоць мінімальна спрошчаны.

* * *

Акцыі за малы памежны рух будуць у Беларусі. Прадстаўнікі Беларускага Дома ў Варшаве і “Грамадзянскай Гарадзеншчыны” праводзяць інфармацыйныя акцыі на памежных пераходах паміж Польшчай і Беларуссю. Актывісты ўжо раздавалі ўлёткі ў Белавежы і Баброўніках, таксама збіраюцца наведаць пераход у Кузьніцы. Сябра альянсу “Грамадзянская Гарадзеншчына” Васіль Клімовіч зазначае, што акцыі працягнуцца на тэрыторыі Беларусі:

— Сёлета гэта пачатак. Мы пачалі з польскага боку, а яшчэ акцыя будзе працягвацца з беларускага боку. Адбудзецца канферэнцыя ў Гародні і вялікая інфармацыйная кампанія ў тых раёнах, якія ўваходзяць у памежны рух.

Актывісты спадзяюцца, што інфармаванасць грамадства прымусіць улады ў Беларусі ўвесці малы памежны рух з Польшчай. А гэта дазволіць жыхарам памежжа падарожнічаць без візаў. Усе неабходныя дакументы былі ратыфікаваныя шэсць гадоў таму, аднак МЗС Беларусі так і не выслаў польскаму боку подпіс Лукашэнкі.

***

Прадстаўнікі Беларускага Дома ў Варшаве сумесна з альянсам “Грамадзянская Гарадзеншчына” агітуюць за малы памежны рух. Актывісты раздаюць улёткі на памежных пераходах.

6 гадоў таму Палата прадстаўнікоў і польскі Сэйм ратыфікавалі пагадненне пра малы памежны рух, што дазволіла б жыхарам сумежных тэрыторый Польшчы і Беларусі перасякаць мяжу бяз візы. Аднак Аляксандр Лукашэнка не захацеў паставіць свой подпіс і заблакаваў ужо падрыхтаванае рашэнне.

Сустаршыня „Беларускага Дома” Алесь Зарэмбюк зазначае, што грамадзянам Беларусі трэба распавядаць пра такую магчымасць:

– Вельмі невялікая колькасць беларусаў ведае пра малы памежны рух. Вось мы сутыкаемся, размаўляем, распавядаем, што ёсць гэтая дамова, што гэта дазваліць вам ездзіць без візы. Знаходзім вельмі шмат пазітыўных водгукаў – і ад беларусаў, і ад палякаў. Беларуска-польскае памежжа павінна быць бязвізавым, яно павінна мець малы памежны рух, і мы, суседзі спрадвек, павінны камунікаваць, павінны гандляваць.

2016-06-18_zavalnia_pamiezny_ruch_fota (3)

Першыя ўлёткі былі раздадзены на памежным пераходзе “Белавежа – Перароў”.  Пачынаючы з мінулага года грамадзяне Польшчы могуць наведаць без візы беларускім бок Белавежскай пушчы, але людзі з абодвух бакоў мяжы чакаюць на большыя змены:

– Многа людзей з Гайнаўкі, Белавежы, з Бельска Падляшскага, з Беластоку маюць у Беларусі сваякоў і хацелі б да іх паехаць. Аднак не кожны можа атрымаць візу.

– Я раблю візу без праблем, яна ў мяне бясплатная. А людзям сапраўды было б выгадна, каб без візаў было.

– Маем там па мужу сваякоў. Некаторыя ўжо адыйшлі ў вечнасць. Але хацелі б адведаць тых, хто застаўся. У нас ужо і ўзрост сур’ёзны. Не ведаю, ці дачакаемся, каб паехаць.

У сваю чаргу Алесь Зарэмбюк дадаў, што ўвядзенне бязвізавага рэжыму на тэрыторыі  Белавежскай пушчы – гэта ўжо крок у добрым кірунку.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара